Францыя накіруе ваенныя караблі, каб разблакіраваць Армузскі праліў
- 9.03.2026, 17:54
Парыж прыцягне восем фрэгатаў, два дэсантныя караблі і авіяносец.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што Парыж і яго партнёры рыхтуюць «выключна абарончую» місію для аднаўлення суднаходства ў Армузскім праліве, які Іран закрыў пасля пачатку нападаў ЗША і Ізраіля. Пра гэта ён сказаў падчас візіту на Кіпр, паведамляе Le Figaro.
Па словах Макрона, гэтую місію павінны падрыхтаваць «сумесна з еўрапейскімі і нееўрапейскімі дзяржавамі, каб забяспечыць суправаджэнне кантэйнеравозаў і танкераў для паступовага аднаўлення суднаходства ў Армузскім праліве».
Французскі прэзідэнт таксама выказаў сваю падтрымку краінам Персідскага заліва, па якіх Іран наносіў удары.
«Гэта мабілізацыя нашых ваенна-марскіх сіл з'яўляецца беспрэцэдэнтнай. Яна, вядома, адбываецца таксама з прыцягненнем нашых паветраных і сухапутных сіл у рэгіёне. Мэта Францыі — садзейнічаць дэскалацыі, бяспецы нашых грамадзян, бяспецы нашых партнёраў, а таксама свабодзе навігацыі і марской бяспецы», — дадаў Макрон.