Reuters: Трамп вывучае меры па стрымліванні цэн на нафту
- 9.03.2026, 20:13
У Белым доме заявілі, што ЗША маюць «моцны план» па стабілізацыі энергарынкаў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у бліжэйшы час намерваецца вывучыць шэраг варыянтаў дзеянняў, накіраваных на зніжэнне сусветных цэн на нафту, якія рэзка выраслі на фоне ваеннага канфлікту з Іранам. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША занепакоеная тым, што скачок катыровак вышэй за $100 за барэль негатыўна паўплывае на амерыканскі бізнес і спажыўцоў напярэдадні лістападаўскіх прамежкавых выбараў. На іх рэспубліканцы разлічваюць захаваць кантроль над Кангрэсам.
Сярод абмяркоўваемых мер:
сумесны выпуск нафты са стратэгічных рэзерваў краінамі G7;
абмежаванне экспарту з ЗША;
умяшанне ў рынкі нафтавых ф'ючэрсаў;
скасаванне некаторых федэральных падаткаў і часовае зняцце абмежаванняў закона Джонса, які патрабуе перавозіць паліва ўнутры краіны толькі на судах пад амерыканскім сцягам.
У Белым доме заявілі, што Трамп і яго каманда маюць «моцны план» па стабілізацыі энергарынкаў. Прадстаўнік адміністрацыі падкрэсліў, што ўсе разумныя варыянты будуць разгледжаны, а каардынацыя з профільнымі ведамствамі вядзецца пастаянна.