Google дазволіць змяняць адрас Gmail
- 1.04.2026, 1:33
Зрабіць гэта можна будзе толькі тройчы.
Кампанія Google ўкараніла функцыю, якой чакалі гадамі: карыстальнікі могуць змяняць свой адрас у Gmail без неабходнасці ствараць новы ўліковы запіс і губляць даныя, паведамляе Android Authority.
Гаворка ідзе менавіта пра змену імя карыстальніка — часткі адраса перад «@gmail.com».
Каб змяніць адрас, трэба зайсці ў налады ўліковага запісу Google, адкрыць раздзел «Асабістая інфармацыя», далей «Электронная пошта» і выбраць опцыю змены адраса. Пасля гэтага сістэма прапануе стварыць новае імя.
Пры гэтым стары адрас не выдаляюць — ён аўтаматычна становіцца альтэрнатыўным. Карыстальнік і далей зможа атрымліваць лісты, дасланыя на старую пошту, а таксама выкарыстоўваць яе для ўваходу ва ўліковы запіс пры неабходнасці.
Аднак ёсць абмежаванні. Новы адрас можна ствараць толькі раз на 12 месяцаў, а ўсяго даступна не больш за тры змены (то бок максімум чатыры адрасы на адзін уліковы запіс). Калі карыстальнік вернецца да папярэдняга імя, новую змену можна будзе зрабіць толькі праз 30 дзён.
Пакуль што Google афіцыйна пацвердзіла паўнавартасны запуск толькі ў ЗША, але паступовае пашырэнне функцыі на іншыя рэгіёны выглядае даволі верагодным.