BE RU EN

У ЕС уводзяць падатак на пасылкі з Беларусі

  • 1.04.2026, 8:33

Стала вядома, каго гэта закране.

З 1 ліпеня 2026 года ў Еўрапейскім саюзе ўводзяць падатак на дробныя пасылкі з трэціх краін. Гэта датычыцца і пасылак з Беларусі ў краіны ЕС, паведамляе тэлеграм-канал Infotrans Media Belarus.

Мера будзе часовай і працягнецца прынамсі да 2028 года — да запуску новай сістэмы кантролю электроннага гандлю ў межах рэформы еўрапейскай мытні.

Новая пошліна датычыць тавараў коштам да 150 еўра — менавіта на гэтую катэгорыю прыпадае асноўная частка заказаў у інтэрнэт-крамах.

Галоўны нюанс — збор у памеры трох еўра будуць спаганяць не з усёй пасылкі цалкам. Гэта азначае, што калі ў адной бандэролі знаходзяцца тавары розных катэгорый або ад розных прадаўцоў, мытня можа разглядаць іх як некалькі асобных пазіцый для афармлення. І з кожнай пазіцыі давядзецца заплаціць пошліну ў памеры трох еўра.

Напрыклад, пакупнік замаўляе з Азіі некалькі недарагіх тавараў: футболку за 8 еўра, навушнікі за 12 еўра і крэм для рук за 5 еўра. Агульны кошт такой пасылкі складае 25 еўра.

Аднак у замове прысутнічаюць тры розныя катэгорыі тавараў — адзенне, электроніка і касметыка. Паводле новых правілаў збор налічаць за кожную катэгорыю асобна.

У такім выпадку да кошту пасылкі дадасца 9 еўра (па 3 еўра за кожную катэгорыю). У выніку пакупка абыдзецца ўжо ў 34 еўра.

Апошнія навіны