Беларусь разам з Суданам і Венесуэлай прызнаныя найбольш рызыкоўнымі краінамі для інвестыцый
- 1.04.2026, 9:12
Апублікаваны антырэйтынг.
Беларусь, Ліван, Судан і Венесуэла ўзначальваюць глабальны рэйтынг самых рызыкоўных рынкаў свету ў 2026 годзе. Пра гэта піша выданне Thinktanks.by са спасылкай на даныя visualcapitalist.
Праект visualcapitalist склаў карту на падставе ацэнак прафесара Нью-Ёркскага ўніверсітэта Асвата Дамодарана, каб праілюстраваць рынкі краін з найбольш высокімі рызыкамі для інвестараў.
Для ацэнкі рызык Дамодаран улічваў крэдытны рэйтынг кожнай краіны і дадатковую працэнтную стаўку. На апошнім этапе да гэтых разлікаў дадавалася прэмія за рызыку развітага рынку (прэмія за рызыку развітага рынку, Equity Risk Premium, ERP — гэта дадатковая даходнасць, якую інвестары чакаюць атрымаць, укладваючы сродкі ў акцыі развітых краін, напрыклад, ЗША, Еўропы, у параўнанні з безрызыковымі актывамі, звычайна дзяржаўнымі аблігацыямі).
У выніку ў топ-4 ўвайшлі Беларусь, Ліван, Судан і Венесуэла з паказчыкам 30,9%. У гэтых краінах рызыкі для інвестараў ацэньваюцца значна вышэй, чым у астатнім свеце.
На другім месцы размясціліся Балівія, Куба, Паўночная Карэя, Шры-Ланка, Сірыя, Украіна, Емен з паказчыкам 19,8%.
На трэцяй пазіцыі размясціліся Эквадор, Гаіці, Малаві, Мазамбік, Нігерыя і Самалі з паказчыкам 17,2%.
Да ліку найбольш бяспечных краін адносяцца Канада, Германія, Швейцарыя, Сінгапур, Швецыя і Нідэрланды, дзе рызыка ацэньваецца ў 4,2%.
Рызыкі ў суседніх з Беларуссю краінах ацэньваюцца наступным чынам:
Расія: 8,1%;
Латвія: 5,8%;
Літва: 5,3%;
Польшча: 5,3%.