Дроны атакавалі стратэгічныя аб’екты ў Растоўскай вобласці РФ
- 1.04.2026, 10:59
Навашахцінскі НПЗ забяспечваў палівам расійскую армію.
У ноч на 1 красавіка дроны атакавалі стратэгічныя аб’екты ў Растоўскай вобласці Расіі. Пад удар мог зноў трапіць Навашахцінскі нафтаперапрацоўчы завод, піша Дыялог.UA.
Паветраную трывогу ў Растоўскай вобласці абвясцілі яшчэ ўчора ўвечары, 31 сакавіка. Неўзабаве пасля поўначы ў розных раёнах вобласці прагучалі выбухі, што дае падставы гаварыць пра масіраваную паветраную атаку.
Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар прызнаў, што ўначы 1 красавіка БПЛА нанеслі масіраваныя ўдары па аб’ектах рэгіёна. Паводле яго слоў, «у выніку падзення абломкаў БПЛА ёсць разбурэнні на зямлі».
У падрабязнасці ён не ўдаваўся, паведаміўшы толькі, што найбольш актыўна дроны ляцелі ў напрамку Навашахцінска. Акрамя таго, пад атаку трапілі аб’екты ў Таганрогу, Каменску-Шахцінскім і Батайску.
Улады Растоўскай вобласці не паведамляюць, якія аб’екты «пашкоджаныя на зямлі». Поўнае маўчанне захоўваюць і цэнтральныя расійскія ўлады. У зводцы Мінабароны РФ толькі паведамляецца, што ў ноч на 1 красавіка расійская СПА ў небе над Расіяй нібыта збіла 42 украінскія БПЛА, з іх 30 — над Растоўскай вобласцю.
У Навашахцінску, які найбольш актыўна ў ноч на 1 красавіка атакавалі дроны, знаходзіцца буйны нафтаперапрацоўчы завод.
Да поўнамаштабнага ўварвання арміі РФ ва Украіну прадпрыемства штогод перапрацоўвала да 7,5 млн тон сырой нафты.
Гэты НПЗ забяспечвае палівам расійскую армію, таму з’яўляецца законнай мэтай для ЗСУ. Раней ЗСУ ўжо неаднаразова атакавалі Навашахцінскі НПЗ, напрыклад, у жніўні 2025 года.