У мінскім метро адбыўся небяспечны інцыдэнт з дзвярамі вагона
- 1.04.2026, 11:15
Відэа стала напамінам пра правіла бяспекі.
У мінскіх чатах завірусілася відэа з метро, якое наглядна дэманструе, чаму не варта ігнараваць «дзяжурны» надпіс на дзвярах вагонаў падземкі, што заклікае пасажыраў «Не прислоняться» да іх падчас руху, піша Telegraf.news.
На кароткім відэа, знятым у адным з вагонаў метро, бачна, што цягнік мчыцца па тунэлі з прыадчыненымі дзвярамі, у парушэнне патрабаванняў тэхнікі бяспекі і бяспекі пасажырскіх перавозак. Чаму так адбылося, аўтар відэа не ўдакладняе — ці не замкнуліся дзверы да канца на станцыі, ці прыадкрыліся падчас руху, — застаецца незразумела.
Сцвярджаецца, што на кадрах — склад сталічнай падземкі з «чырвонай» лініі, а менавіта — адзін з цягнікоў «Мінск 2024» вытворчасці расійскага завода «Метровагонмаш». Аднак у самым Мінскім метрапалітэне пакуль гэтую інфармацыю ніяк не каментавалі.
Дарэчы, сярэдняя эксплуатацыйная хуткасць цягнікоў Мінскага метрапалітэна складае каля 40–45 км/г, а максімальная хуткасць руху на перагонах у тунэлях можа дасягаць 80 км/г. Таму такая паездка з адчыненымі дзвярамі вагона магла мець сумныя наступствы для пасажыраў.
Гэты інцыдэнт чарговы раз даказвае, што легендарны надпіс на дзвярах вагонаў метро «Не прислоняться» — не пустая прыхамаць метрапалітэна, а цалкам абгрунтаванае патрабаванне бяспекі: нават самая сучасная тэхніка часам падводзіць, і цалкам спадзявацца на яе, занядбваючы разумныя меры засцярогі, — сабе даражэй.