«Белавія» зладзіла распродаж авіяквіткоў у Грузію
- 1.04.2026, 11:59
Квіткі з Мінска патаннелі да 40%.
Авіякампанія «Белавія» абвясціла пра распродаж квіткоў па тарыфе «Промо» на рэйсы з Мінска ў два гарады Грузіі — Кутаісі і Тбілісі. Зніжкі да 40% даступныя толькі 1 і 2 красавіка для падарожжаў з вылетам да 31 мая ўключна.
Кошт квіткоў па акцыі пачынаецца ад 775 рублёў за пералёт туды і назад у Кутаісі і ад 882 рублёў — у Тбілісі. Аформіць можна як паездку ў абодва бакі, так і квіток у адзін бок.
Колькасць месцаў па тарыфе «Промо» абмежаваная, а іх даступнасць залежыць ад канкрэтных рэйсаў.
Набыць квіткі можна на афіцыйным сайце belavia.by, пры гэтым увод прамакодаў не патрабуецца — тарыф «Промо» адлюстроўваецца ў сістэме аўтаматычна і пазначаны спецыяльнай маркіроўкай. Зніжка распаўсюджваецца толькі на базавы кошт пералёту і не ўключае таксы і зборы.
Максімальны тэрмін знаходжання ў пункце прызначэння па маршруце туды-назад складае адзін месяц, а сам маршрут павінен выконвацца паслядоўна, пачынаючы з першага сегмента. У выпадку прапуску першага ўчастка пералёту квіток анулюецца цалкам без магчымасці вяртання сродкаў. Акрамя таго, абмен квіткоў па тарыфе «Промо» не прадугледжаны, а пры камбінаванні з іншымі тарыфамі прымяняюцца ўмовы менавіта «Промо» на ўвесь маршрут.
Зніжкі для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 12 гадоў на дадзены тарыф не распаўсюджваюцца.