BE RU EN

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі фінальнага турніру чэмпіянату свету па футболе

  • 1.04.2026, 18:11

Італія і Польшча не трапілі на мундыяль.

У ноч на сераду сталі вядомыя апошнія ўдзельнікі чэмпіянату свету, які пройдзе гэтым летам у ЗША, Канадзе і Мексіцы. Зборная Італіі, чатырохразовы пераможца турніру, зноў не змагла пераадолець адборачны этап.

Галоўная сенсацыя адбылася вечарам у аўторак у Сараеве. Зборная Босніі і Герцагавіны не пусціла на чэмпіянат свету Італію. Асноўны час матча завяршыўся з лікам 1:1, прычым італьянцы большую частку часу правялі ў меншасці пасля выдалення Алесандра Бастоні. У серыі пенальці футбалісты Босніі і Герцагавіны аказаліся дакладней.

Італьянскія гульцы, як і іх галоўны трэнер Джэнаро Гаттузо, пакідалі поле са слязьмі на вачах. Гаттузо перад матчам казаў, што ў выпадку паразы ўвогуле з’едзе з Італіі ў іншую краіну. Драма ў тым, што адна з самых тытулаваных зборных свету не трапіла на галоўны футбольны турнір у трэці раз запар, нагадвае Бі-бі-сі.

Італія станавілася чэмпіёнам свету чатыры разы (у 1934, 1938, 1982 і 2006 гадах). Пасля апошняга тытула зборная двойчы не змагла пераадолець групавы этап фінальнага турніру, а затым і ўвогуле перастала трапляць у фінальную частку чэмпіянату. Пры гэтым Італія адносна нядаўна — у 2021 годзе — выйграла чэмпіянат Еўропы па футболе.

Акрамя матча ў Сараеве, у ноч на сераду адбыліся і іншыя стыкавыя матчы.

У еўрапейскай частцы гэтага этапу Чэхія перамагла па пенальці Данію, Турцыя — Косава (1:0), а Швецыя — Польшчу (3:2).

Таксама прайшлі і міжкантынентальныя стыкавыя матчы: зборная ДР Конга перамагла Ямайку (1:0), а Ірак — Балівію (2:1).

У 2026 годзе ў фінальнай частцы чэмпіянату свету па футболе возьме ўдзел рэкордная колькасць каманд — 48. Тры зборныя, якія прадстаўляюць гаспадароў турніру — ЗША, Канада і Мексіка, — былі вызваленыя ад адборачных матчаў. Беларусь і РФ у адборачным турніры не ўдзельнічалі, бо адхіленыя ад спаборніцтваў пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.

Упершыню ў фінальным турніры возьмуць удзел зборныя Іарданіі, Каба-Вердэ, Кюрасаа і Узбекістана.

Еўропа — 16 каманд:

Іспанія

Францыя

Англія

Партугалія

Нідэрланды

Бельгія

Германія

Харватыя

Швейцарыя

Аўстрыя

Нарвегія

Шатландыя

Швецыя

Боснія і Герцагавіна

Турцыя

Чэхія

Паўднёвая Амерыка — 6 каманд:

Бразілія

Аргенціна

Калумбія

Уругвай

Эквадор

Парагвай

Афрыка — 10 каманд:

Марока

Сенегал

Егіпет

Алжыр

Туніс

Кот-д’Івуар

ПАР

Каба-Вердэ

Гана

ДР Конга

Азія — 8 каманд

Японія

Іран

Паўднёвая Карэя

Узбекістан

Катар

Саудаўская Аравія

Іарданія

Ірак

Паўночная і Цэнтральная Амерыка — 6 каманд:

Панама

Кюрасаа

Гаіці

ЗША

Мексіка

Канада

Акіянія — 2 каманды:

Аўстралія (праходзіла адбор праз Азію)

Новая Зеландыя

Фармат турніру

48 зборных размеркаваныя па 12 групах, у кожнай з якіх па чатыры каманды. У наступны раўнд выходзяць па дзве каманды з групы, а таксама восем найлепшых зборных з ліку тых, што занялі трэція месцы. Пасля гэтага гэтыя 32 каманды гуляюць на выбыванне.

Групавы этап пройдзе з 11 па 27 чэрвеня, плэй-оф пачнецца 28 чэрвеня. Фінал запланаваны на 19 ліпеня на стадыёне Метлайф-стэдыум у Іст-Ратэрфордзе (штат Нью-Джэрсі).

Апошнія навіны