Вялікабрытанія абвясціла аб скліканні кааліцыі з 35 краін для разблакавання Армузскага праліва
- 1.04.2026, 19:23
Што вядома.
Вялікабрытанія на гэтым тыдні правядзе перамовы з удзелам 35 краін аб фарміраванні кааліцыі для аднаўлення суднаходства ў Армузскім праліве. На сустрэчы міністраў замежных спраў будуць абмяркоўвацца спосабы «забяспечыць даступнасць і бяспеку праліва пасля спынення баявых дзеянняў», паведаміў прэм’ер-міністр Кір Стармер. Таксама адбудзецца сустрэча вайскоўцаў для абмеркавання варыянтаў дзеянняў ваенна-марскіх сіл.
У перамовах аб тым, якія рэсурсы для кааліцыі могуць быць прадстаўленыя, удзельнічаюць, у прыватнасці, Францыя, Нідэрланды і дзяржавы Персідскага заліва, расказалі Financial Times чатыры чыноўнікі, асведамленыя аб ходзе дыскусій. Паводле іх слоў, разглядаюцца такія меры, як суправаджэнне камерцыйных суднаў ваеннымі караблямі, размінаванне праліва і іншыя аперацыі па абароне ад магчымых нападаў Ірана.
Цяперашняя ініцыятыва «вельмі падобная на кааліцыю ахвотных», якая была створаная для забеспячэння бяспекі Украіны, сказаў прадстаўнік МЗС Бельгіі. Да гэтага часу еўрапейскія краіны адхілялі заклікі Дональда Трампа накіраваць свае ВМС у Армузскі праліў, не жадаючы, паводле слоў дыпламатаў, дапамагаць яму вырашаць праблему, якую ён сам стварыў. Але маштабы нарастаючага энергетычнага крызісу, а таксама неаднаразовыя абвінавачанні Трампа на адрас саюзнікаў па НАТА прымусілі іх перагледзець сваю пазіцыю і пачаць падрыхтоўку да разблакавання праліва, патлумачылі крыніцы FT.
Аднак, паводле іх слоў, кааліцыя не будзе дзейнічаць у межах місіі НАТА, і ў яе ўвойдуць краіны, што не з’яўляюцца членамі альянсу.
Адным з яе самых актыўных удзельнікаў гатовыя стаць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Яны пераконваюць ЗША, еўрапейскія і азіяцкія краіны ў неабходнасці аб’яднаць намаганні для сілавога разблакавання Армузскага праліва.
ААЭ і Бахрэйн таксама спрабуюць правесці праз Савет Бяспекі ААН рэзалюцыю, якая дасць кааліцыі мандат на такія дзеянні.
Паводле двух крыніц FT, фармаванне ваенна-марской кааліцыі ўскладняецца адрозненнямі ў складзе сіл і сродкаў: напрыклад, некаторыя краіны прапанавалі даць мінныя тральшчыкі, але не фрэгаты для іх прыкрыцця.
Падчас перамоваў, якія арганізуе Вялікабрытанія, будуць ацэнены «усе магчымыя дыпламатычныя і палітычныя меры, якія мы можам прыняць для аднаўлення свабоднага суднаходства, забеспячэння бяспекі заблакаваных суднаў і маракоў, а таксама аднаўлення перавозак жыццёва важных грузаў», — заявіў Стармер.