У Брэсцкай вобласці ўсплёск сказу сярод жывёл
- 1.04.2026, 21:53
Чым гэта небяспечна для людзей.
У Брэсцкай вобласці павялічылася колькасць жывёл, хворых на сказ. Толькі за два месяцы з 280 праведзеных даследаванняў 25 далі станоўчы вынік. Гэта ў пяць разоў больш, чым за такія ж два месяцы мінулага года, паведамілі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 4 Брэст».
Найчасцей вірус выяўляюць у лісіц. Асноўныя ачагі — Брэсцкі і Маларыцкі раёны. Чалавек можа заразіцца сказам не толькі пры ўкусе, але і пры падрапанні, а таксама пры трапленні сліны жывёлы, хворай на сказ, на рану.
У гарадскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі штодня звяртаюцца як мінімум два-тры чалавекі, пакусаныя жывёламі. Лекары раяць не рызыкаваць.
— Без своечасовай медыцынскай дапамогі вынік адзін — смяротны, — папярэджвае загадчык траўматалогіі Алег Балашоў.
Сказ — смяротнае захворванне, якое паражае цэнтральную нервовую сістэму. Пасля з'яўлення першых сімптомаў (галаўны боль, павышэнне тэмпературы, баязь вады, сутаргі) выратаваць чалавека ўжо нельга. Адзіны спосаб выжыць — зрабіць прышчэпку адразу пасля ўкусу, пакуль вірус не дабраўся да галаўнога мозгу. Маруджанне ў гэтым выпадку сапраўды каштуе жыцця.