Ператрус у «Новой газеце»: з рэдакцыі на насілках вынеслі расійскага сілавіка
- 10.04.2026, 10:44
Яму стала дрэнна падчас ператрусу.
У Маскве з рэдакцыі «Новой газеты», дзе ўчора, 9 красавіка, прайшлі ператрусы, на руках вынеслі мужчыну без прытомнасці.
На відэа трапіў момант, калі лекары і супрацоўнікі праваахоўных органаў у масках выносяць з будынка мужчыну ў касцюме на імправізаваных насілках. Яго кладуць на каталку, а затым загружаюць яе ў машыну хуткай дапамогі, піша «Медуза».
Паводле даных «Осторожно, новости», чалавек, якога адвезлі на машыне хуткай дапамогі з рэдакцыі «Новой газеты», — супрацоўнік сілавога ведамства. «Ён адчуў недамаганне ў вобласці сэрца падчас следчых дзеянняў у офісе выдання», — піша тэлеграм-канал.
«Новая газета» у сваю чаргу пацвердзіла, што шпіталізаваны — не працуе ў рэдакцыі.
Удзень 9 красавіка супрацоўнікі спецслужбаў у масках прыйшлі з ператрусам у рэдакцыю «Новой газеты» ў Маскве. Ператрус праводзіцца па справе аб незаконным выкарыстанні персанальных даных. Затрыманы аглядальнік «Новой газеты» Алег Ролдугін.