Пуцін засвяціўся паўсюль
- Аббас Галямоў
- 10.04.2026, 16:08
Нагаварыў ужо воз і маленькі вазок.
У сувязі з рэзкім пагаршэннем сітуацыі ў расійскай эканоміцы ключавым становіцца пытанне, ці змогуць улады змяніць траекторыю яе руху. Зрабіць гэта будзе вельмі складана.
Вы, напэўна, заўважалі, што дэманстраваныя па тэлебачанні фрагменты нарадаў у прэзідэнта змяшчаюць што заўгодна, толькі не рэальную прапрацоўку альтэрнатыўных варыянтаў вырашэння абмяркоўваных праблем. Запэўніваю вас, што і закрытая для публікі частка звычайна таксама абыходзіцца без гэтага. У крытычным ключы часам абмяркоўваюцца дробязі, але ніколі — стратэгія.
У аўтарытарызму ёсць сур'ёзны ўбудаваны абмежавальнік. Ён палягае ў тым, што любая выказаная кіраўніком думка хутка становіцца догмай. Прадметна абмяркоўваць праблему, у сувязі з якой гэтая думка была вылучаная, апарат адразу перастае. Зразумела, што кожны, хто выказвае пункт гледжання, адрозны ад агучанага правадыром, рызыкуе быць занесеным у спіс ворагаў Айчыны.
Таму на пэўным этапе ўзнікае парадокс: чым больш актыўны лідар, чым у больш праблем ён са сваім меркаваннем умяшваецца, тым больш абмежаванняў на абмеркаванне ў выніку накладвае. Яму б лепш нікуды не савацца, — тады, глядзіш, і дыскусія не памрэ, і розныя варыянты вырашэння праблем будуць прапрацоўвацца.
Але гэта не пра Пуціна: ён жа спрабуе кантраляваць усё, што адбываецца ў краіне. Да таго ж расійскі прэзідэнт кіруе бясконца доўга, а значыць, нагавараў ужо воз і маленькі вазок.
Карацей, у Расіі цяпер амаль не засталося праблем, дзе прэзідэнт не засвяціўся хаця б раз, заблакаваўшы такім чынам прапрацоўку варыянтаў рашэнняў, альтэрнатыўных калісьці агучаным.
Каб вырашыць названую праблему, чалавецтва прыдумала прынцып зменнасці лідара. Сістэме час ад часу трэба перазагружацца, каб абнаўляцца. Каб бачыць новыя опцыі.
Каб змяніць траекторыю, патрэбнае абмеркаванне ўсіх магчымых маршрутаў, а не толькі тых, пра якія калісьці нешта казаў Пуцін. Імідж апошняга як лідара, які ніколі і ні ў чым не памыляецца, аднак, з'яўляецца для сістэмы найвышэйшай каштоўнасцю. Вышэйшай нават за ўласнае выжыванне.
Аббас Галямоў, Telegram