У Мінску будуць выяўляць тых, хто не плаціць падатак на сабак
- 10.04.2026, 14:15
Звесткі пра хатніх гадаванцаў збяруць праз ветклінікі і суседзяў.
Сталічнае ЖКГ будзе атрымліваць інфармацыю пра тое, ці сапраўды ў кватэры жыве сабака, ад ветклінік, пунктаў часовага ўтрымання і гасцініц для жывёл, а таксама ад жыхароў шматпавярховак, паведамілі ў пятніцу ў арганізацыі.
На дадзены момант паводле дзеючых правілаў уладальнікі абавязаны рэгістраваць сваіх хатніх гадаванцаў, а затым сплачваць за іх падатак. З 1 ліпеня бягучага года ён будзе ўключацца ў жыроўку незалежна ад таго, зарэгістраваны пёс ці не. Льготы ёсць толькі ў інвалідаў (усіх груп), уладальнікаў сабак-павадыроў, адзінокіх пенсіянераў, шматдзетных і жыхароў прыватнага сектара.
«Інфармацыю, што сабака сапраўды жыве ў кватэры, будзем атрымліваць праз ветэрынарныя клінікі, пункты часовага ўтрымання і гасцініцы для жывёл, а таксама ад жыхароў шматпавярховак», — цытуе Telegram-канал «ЖКХ Минск Официально» намесніцу гендырэктара па ідэалагічнай працы ГО «Минское городское жилищное хозяйство» Вольгу Драпей.
Спецыялістка нагадала, што базавая стаўка падатку ў рэспубліцы складае 14 рублёў (за патэнцыйна небяспечныя пароды — 67 рублёў), але ў залежнасці ад рэгіёна яна можа вагацца. Напрыклад, у сталіцы па рашэнні Мінгарсавета за аднаго пса ўладальнікі плацяць у квартал 11,1 рубля, прытым гэтая стаўка аднолькавая для ўсіх парод.
Драпей таксама адзначыла, што падатак дазволіць падлічыць, колькі сабак ёсць у мінчукоў. Гэтая лічба, у тым ліку, будзе падставай, каб улады маглі пачаць разглядаць пытанні аб уладкаванні дадатковых пляцовак для іх выгулу.