Беларуска — расіянам: Выключайце рэжым «старэйшага брата»
- 10.04.2026, 15:15
Правілы для турыстаў з РФ.
Беларуска запісала відэазварот, у якім выклала тры простыя правілы для расіян, якія хочуць прыехаць у нашу краіну, і апублікавала:
«Ніколі ў Беларусі не рабіце гэтага, калі вы сабраліся пераязджаць, інакш вас захэйцяць проста ў аэрапорце або ў цягніку.
Першае. Забудзьце пра «Белоруссию». Для беларусаў гэта гучыць, як пенапласт па шкле. І гэта не пра граматыку, не пра савецкае мінулае ці пра нешта яшчэ.
Гэта пра павагу да народа. Беларусь. Толькі так і ніяк інакш.
Другое. Выключайце, калі ласка, рэжым старэйшага брата. Усе гэтыя фразы «Вы без нас ніхто» і «Зваць вас ніяк» — гэта прамая дарога ў хэйт. Так, Беларусь — маленькая краіна, але гэта не значыць, што ў нас няма сваёй гісторыі, свайго меркавання і свайго шляху. Таму, калі вы не гатовыя пакінуць імперскія замашкі, калі ласка, заставайцеся дома.
Трэцяе. Калі вы прывыклі кідаць смецце міма сметніцы або паркавацца на газонах, беларусы вас з'ядуць. Не міліцыя, а простыя мінакі. Бо парадак для нас — гэта грамадская дамова. Тых, хто парушае, мы вельмі не любім і хэйцім. І сваіх, і чужых.
Запомніце. Беларусь — гэта не Расія Lite. Гэта асобная краіна са сваёй культурай, са сваімі традыцыямі і са сваёй гісторыяй. Паважайце яе — і вы ўбачыце, наколькі беларусы адгуклівыя, адкрытыя і гасцінныя людзі».
Пост сабраў больш за 1500 каментарыяў за двое сутак. Большасць беларусаў падтрымалі сваю суайчынніцу, а вось расіяне, падаецца, паважаць чужое меркаванне пакуль не навучыліся.