BE RU EN

У Паўднёвай Карэі запусцяць бясплатны мабільны інтэрнэт

  • 10.04.2026, 15:20

Абсалютна для ўсіх.

Улады Паўднёвай Карэі дамовіліся з найбуйнейшымі мабільнымі аператарамі краіны — SK Telecom, KT і LG Uplus — аб запуску бясплатнага базавага мабільнага інтэрнэту для насельніцтва, піша thelec.net.

Паводле ініцыятывы, калі абанент вычарпае аплачаны па тарыфе трафік, яму аўтаматычна будзе прадастаўляцца бязлімітны доступ у інтэрнэт са хуткасцю да 400 кбіт/с. Такой хуткасці, як чакаецца, будзе дастаткова для карыстання пошукавымі сэрвісамі, мэсенджарамі і картамі.

Віцэ-прэм’ер і міністр навукі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Бэ Кенхун падкрэсліў, што грамадзяне не павінны заставацца без доступу да анлайн-сэрвісаў. Паводле яго слоў, доступ да інтэрнэту варта разглядаць як базавае права чалавека і важную інвестыцыю ў будучыню краіны. Мяркуецца, што новаўвядзенне пачне дзейнічаць да чэрвеня і закране прыкладна 7,17 млн абанентаў.

Акрамя таго, аператары пагадзіліся запусціць больш даступныя тарыфы 5G коштам не вышэй за 20 тыс. вон (каля 13,5 долара). Для грамадзян старэйшых за 65 гадоў плануецца павялічыць ліміты на мабільны інтэрнэт і званкі. Таксама ўлады маюць намер палепшыць якасць Wi‑Fi у метро і ў міжгародніх цягніках.

Апошнія навіны