Вяртанне касманаўтаў «Артэміс-2» выклікае трывогу
- 10.04.2026, 15:37
Пры ўваходзе ў атмасферу карабель разагрэецца да экстрэмальных тэмператур.
Палёт вакол Месяца прайшоў без сур'ёзных праблем, але галоўнае выпрабаванне для экіпажа «Артэміс-2» яшчэ наперадзе — вяртанне на Зямлю. Менавіта ў гэты момант касмічны карабель «Арыён» сутыкнецца з экстрэмальнымі тэмпературамі пры ўваходзе ў атмасферу.
З падрабязнасцямі знаёміць The New York Times.
Цяплаахоўны шчыт — ключавы элемент бяспекі касмічнага карабля «Арыён». Ён абараняе карабель і касманаўтаў ад пякельных тэмператур падчас вяртання ў зямную атмасферу. Калі ён не вытрымае, металічная канструкцыя можа расплавіцца і разрушыцца, і ў экіпажа не будзе ні запаснога варыянта, ні магчымасці эвакуацыі.
У NASA ўпэўнены ў бяспецы місіі. Паводле кіраўніцтва агенцтва, шматлікія выпрабаванні і мадэляванне паказалі, што нават з улікам недахопаў цяплаахоўны шчыт забяспечвае дастатковы запас надзейнасці. Касманаўты павінны вярнуцца на Зямлю са скорасцю каля 38 600 кіламетраў у гадзіну пасля дзесяцідзённага падарожжа.
Аднак, як піша The New York Times, не ўсе эксперты падзяляюць гэты аптымізм. Былы касманаўт NASA і спецыяліст па цяплаахоўных шчытах Чарлі Камарда лічыць, што запуск «Артэміс-2» быў памылкай.
На яго думку, агенцтва недастаткова разумее рызыкі. Ён ацэньвае верагоднасць паспяховага вяртання ў 95%, але гэта азначае, што рызыка катастрофы — каля 1 да 20. Для параўнання: Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту ацэньвае шанцы загінуць у авіякатастрофе прыблізна як адзін да дзевяці мільёнаў.
Асноўная праблема — у недахопе дакладных ведаў. Падчас бязэкіпажнай місіі «Артэміс-1» у 2022 годзе капсула паспяхова вярнулася, але пасля пад'ёму з акіяна высветлілася, што цяплаахоўны шчыт пашкоджаны: на ім былі трэшчыны і адсутнічалі цэлыя кавалкі матэрыялу.
Расследаванне паказала, што ўнутры шчыта, вырабленага з матэрыялу Avcoat (падобнага да таго, што выкарыстоўваўся ў праграме «Апалон» больш за 50 гадоў таму), назапашваліся газы. Яны стваралі ціск і выклікалі раптоўнае адслаенне матэрыялу замест яго паступовага і раўнамернага згаранення. Для будучых місій формулу матэрыялу змянілі, але для «Артэміс-2» шчыт ужо быў выраблены па старой тэхналогіі і ўсталяваны.
Замена шчыта або ўсёй капсулы азначала б значную затрымку запуску. Таму NASA абрала іншы шлях — змяніць траекторыю вяртання: зрабіць яе больш крутой і кароткай, каб скараціць час уздзеяння высокіх тэмператур. Калі цяплаахоўны шчыт «Артэміс-2» спрацуе не горш, чым падчас місіі «Артэміс-1», касманаўты без праблем прыводняцца ў Ціхім акіяне.
У гісторыі NASA ёсць дзве трагічныя даты: 28 студзеня 1986 года, калі шатл «Чэленджэр» разбурыўся праз 73 секунды пасля старту, і 1 лютага 2003 года, калі шатл «Калумбія» распаўся пры вяртанні з арбіты.
І ў выпадку з «Чэленджэрам», і з «Калумбіяй» трывожныя прыкметы з’яўляліся падчас папярэдніх палётаў. Але кіраўніцтва супакойвала сябе тым, што мінулыя місіі заканчваліся без катастроф, замест таго каб тэрмінова выпраўляць праблемы, якія пазней прывялі да гібелі экіпажаў.
Ці могуць трэшчыны на цяплаахоўным шчыце «Артэміс-2» узнікнуць і распаўсюдзіцца з катастрафічнай хуткасцю?
У межах дадатковых праверак NASA прамадэлявала нават найгоршыя сцэнары — утварэнне трэшчын, адслаенне цэлых блокаў матэрыялу і паскарэнне нагрэву. Паводле гэтых разлікаў, нават у такіх умовах дастатковая частка шчыта павінна захавацца, а ўнутраная канструкцыя з вугляроднага валакна і тытану дазволіць захаваць герметычнасць жылога адсека да канца спуску.
Частка незалежных экспертаў пасля гэтых праверак змяніла сваю пазіцыю і прызнала, што рызыкі зніжаны да прымальнага ўзроўню.