Гістарычны будынак у цэнтры Пінска выставілі на аўкцыён
- 10.04.2026, 16:28
З ім ідуць абавязацельствы.
На адной з галоўных пешаходных вуліц Пінска — Першамайскай — прадаюць рэдкі аб’ект. Гаворка пра гістарычны будынак, узведзены да 1917 года. Яго выставілі на аўкцыён, які адбудзецца 5 мая.
Плошча аб’екта — 288,5 м². Будынак аднапавярховы і звонку выглядае даволі прыстойна, калі не лічыць месцамі парэпанага фасада. Да яго падключаныя камунікацыі.
Сам участак займае 4,17 соткі і перадаецца ў арэнду на 30 гадоў.
Аб’ект мае статус гісторыка-культурнай спадчыны, таму пакупніку дастануцца не толькі сцены і дах, але і абавязацельствы. Пераможцу давядзецца правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы і прывесці будынак у адпаведнасць з дэталёвым планам гістарычнага цэнтра Пінска. На працягу шасці месяцаў трэба атрымаць дазвол на рэстаўрацыю, за паўтара года — падрыхтаваць праект, а самі работы выканаць цягам двух гадоў пасля яго зацвярджэння.
Горад дапускае выкарыстанне ўчастка пад аб’екты грамадскага прызначэння — гэта можа быць кафэ, галерэя, сэрвіс або іншы фармат, што ўпішацца ў гістарычнае асяроддзе.
Але ёсць адзін нюанс — частка памяшканняў ужо здадзена ў арэнду: 139,5 м² — да лістапада 2028-га, яшчэ 45,2 м² — да канца 2026 года (ці да моманту продажу).
Стартавая цана лота — 379 252 рублі (каля $130 000 па курсе). Заяўкі прымаюць да 29 красавіка, самі таргі прызначаныя на 5 мая.