BE RU EN

Літва выказала пратэст Беларусі пасля новага інцыдэнту з метэашарамі

  • 10.04.2026, 16:58

Вільнюс не выключае ўзмацнення кантролю і закрыцця пунктаў пропуску.

Міністэрства замежных спраў Літвы 10 красавіка выказала рашучы пратэст Беларусі з-за новага інцыдэнту з метэазондамі, якія парушылі паветраную прастору Літвы і стварылі пагрозу грамадзянскай авіяцыі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве літоўскага знешнепалітычнага ведамства, піша «Еўрапейская праўда».

У МЗС Літвы нагадалі, што з-за інцыдэнту над аэрапортам Вільнюса былі ўведзены абмежаванні больш як на сем гадзін.

Міністэрства таксама звярнула ўвагу на рост патокаў арганізаванай нелегальнай міграцыі з Беларусі. Сёлета літоўскія праваахоўнікі ўжо спынілі 347 спроб незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы Літвы.

Літва патрабуе, каб Беларусь неадкладна прыняла меры для спынення сістэматычных парушэнняў паветранай прасторы і сухапутнай мяжы, адзначылі ў МЗС.

Таксама ў міністэрстве папярэдзілі, што калі гэтыя незаконныя дзеянні не спыняцца, Літва пакідае за сабой права аднавіць абмежаванні руху праз памежныя пункты пропуску і прымяняць дадатковыя меры для абароны сваёй паветранай прасторы, грамадзянскай авіяцыі і нацыянальнай бяспекі.

Апошнія навіны