Пуцін даручыў абкласці бізнес «падаткам на звышпрыбытак»
- 10.04.2026, 19:20
Крамлю патрэбныя грошы на фінансаванне вайны.
Нягледзячы на прапанову расійскіх мільярдэраў добраахвотна зрабіць унёскі ў бюджэт на фінансаванне вайны, урад Расіі плануе абкласці буйныя кампаніі дадатковым «падаткам на звышпрыбытак», паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, знаёмую з абмеркаваннем.
Па словах суразмоўцы агенцтва, указанне падрыхтаваць новы падатак даў дыктатар РФ Уладзімір Пуцін. Мяркуецца, што ён складзе 20% ад сумы, на якую прыбытак 2025 года перавысіў узровень 2018–2019 гадоў.
Здаць грошы ў казну, хутчэй за ўсё, давядзецца залатаздабыўчым кампаніям, якія зарабілі на рэкордных цэнах на драгметалы, а таксама металургам, распавёў «Эксперту» федэральны чыноўнік.
Уладальнікі ключавых прадпрыемстваў галіны — Сулейман Керымаў, Уладзімір Патанін і Алег Дзерыпаска — на сустрэчы з Пуціным 26 сакавіка прапаноўвалі добраахвотна з асабістых сродкаў прафінансаваць бюджэт, які на пачатку года сутыкнуўся з рэзкім падзеннем нафтагазавых даходаў. Па словах крыніцы «Эксперта», тры мільярдэры з сумарным станам $44 млрд, паводле ацэнкі Forbes, казалі пра гатоўнасць пералічыць у казну 460 млрд рублёў. Нягледзячы на гэта, пытанне аб «падатку на звышпрыбытак» з парадку дня знята не было, паведаміў суразмоўца «Эксперта».
Хоць з-за вайны ў Іране расійскі бюджэт атрымае дадатковыя даходы ад нафты, гэта не вырашыць поўнасцю праблему дэфіцыту бюджэту, адзначае аналітык Freedom Finance Global Уладзімір Чарноў. За студзень–сакавік «дзірка» ў федэральнай казне дасягнула 4,5 трлн рублёў і перавысіла план на ўвесь год. Выдаткі бюджэту цяпер павялічаныя, падкрэслівае Чарноў. А Крамль разглядае магчымасць дадаткова нарасціць выдаткі на вайну, расказвалі раней крыніцы Bloomberg.
Расійскія ўлады ўжо ўводзілі падатак на звышпрыбытак у 2023 годзе — пасля таго, як цэны на сыравінныя тавары ўзляцелі з-за пачатку вайны ва Украіне. Тады горназдабыўныя кампаніі і металургі заплацілі ў суме каля 300 млрд рублёў, а нафтагазавыя карпарацыі і вугальная галіна атрымалі вызваленне ад windfall tax.
Гэтым разам у залатаздабыўчых кампаній утварылася каля 1 трлн рублёў звышдаходаў, паколькі цана на золата ў мінулым годзе вырасла на 65%, ацэньвае эканаміст Віктар Тунеў. «Пытанне толькі ў тым, колькі дзяржава вырашыць узяць», — падкрэслівае ён. Аналітыкі Sberbank CIB лічаць, што павышэнне стаўкі НДПІ на золата можа прынесці ў бюджэт 1 трлн рублёў, а яшчэ 200 млрд — павышэнне НДПІ на каляровыя металы «Норнікеля».