У Антарктыдзе знайшлі востраў, якога няма на марскіх картах
- 10.04.2026, 22:18
На спадарожнікавых здымках востраў амаль зліваўся з навакольнымі айсбергамі з-за ледзянага пакрову.
Удзельнікі міжнароднай экспедыцыі на ледаколе Polarstern выявілі ў моры Уэдэла востраў, які дагэтуль не быў нанесены на марскія карты. Цяпер навукоўцы рыхтуюць даныя, каб новы ўчастак сушы афіцыйна з'явіўся ў міжнародных навігацыйных базах.
Экспедыцыя з 93 чалавек працуе ў паўночна-заходняй частцы мора Уэдэла з 8 лютага 2026 года. Асноўная задача каманды — вывучаць адток лёду і вады ад шэльфавага ледавіка Ларсена і змены марскога лёду ў гэтым раёне. Нечаканая знаходка адбылася, калі даследчыкам давялося прыпыніць працы праз дрэннае надвор'е і шукаць прытулку каля вострава Жуанвіль.
На карце ў гэтым месцы была пазначана толькі небяспечная для суднаходства зона. Што менавіта хаваецца за гэтым папярэджаннем, было незразумела. Спачатку аб'ект прынялі за брудны айсберг, але пры бліжэйшым разглядзе высветлілася: гэта скала, а затым і цэлы востраў.
Ледакол падышоў да яго на адлегласць каля 150 метраў. Навукоўцы абышлі востраў, абследавалі дно шматпрамянёвым эхалотам і запусцілі дрон, каб атрымаць здымкі берагавой лініі і мадэль рэльефу. Гэта стала першым сістэматычным апісаннем знаходкі.
Паводле папярэдніх даных, даўжыня вострава складае каля 130 метраў, шырыня — 50 метраў, а вышыня над вадой — прыкладна 16 метраў. Пры гэтым даследчыкі дагэтуль не разумеюць, чаму ў адных наборах даных гэты аб'ект значыўся як небяспечная зона, а ў іншых увогуле не быў пазначаны як суша. Больш за тое, яго становішча на карце адрознівалася ад рэальнага прыкладна на адну марскую мілю.
Навукоўцы тлумачаць, што на спадарожнікавых здымках востраў амаль зліваўся з навакольнымі айсбергамі з-за ледзянага пакрову. Цяпер камандзе належыць прайсці працэдуру надання назвы. Дакладнае месцазнаходжанне вострава абяцаюць апублікаваць пасля завяршэння гэтай працэдуры, а затым унесці яго ў міжнародныя марскія карты.
Акрамя гэтай знаходкі, экспедыцыя збірае даныя пра стан марскога лёду і водных мас у моры Уэдэла. Паводле слоў удзельнікаў рэйса, у апошнія гады ў гэтым раёне заўважна скарацілася плошча летняга марскога лёду, а сам лёд месцамі выглядае амаль па-арктычна — з моцным паверхневым таяннем і мноствам талых участкаў.