У Беларусі знайшлі новы грыб
- 11.04.2026, 12:42
Ён вельмі рэдкі.
У прэс-службе нацыянальнага парка «Прыпяцкі» паведамілі пра рэдкую навуковую знаходку. У жніўні мінулага года падчас даследаванняў у Ляскавіцкім лясніцтве вучоныя ўпершыню зафіксавалі ў Беларусі від, які раней у краіне не сустракаўся, — ліхенафільны грыб Arthonia molendoi.
Гэты мікраскапічны і рэдкі грыб развіваецца не самастойна, а на іншых арганізмах — лішайніках. У «Прыпяцкім» яго выявілі на ксанторыі насценнай, адным з найбольш распаўсюджаных лішайнікаў у Беларусі. Паводле слоў спецыялістаў, найбліжэйшыя вядомыя месцы яго пашырэння знаходзяцца ў Літве.
Знаходку зрабіла студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Вікторыя Ветліна. З жніўня 2026 года яна пачне працу ў нацыянальным парку ў якасці ліхенолага. Вызначыць від дапамагла магістрантка ГДУ Ірына Болсун, а навуковае кіраўніцтва ажыццяўляў доктар біялагічных навук, прафесар Андрэй Цурыкаў.
Arthonia molendoi — гэта грыб, які жыве на лішайніках. Ён не з'яўляецца ядомым і ўяўляе цікавасць выключна для навуковых даследаванняў.