Рака Свіслач у Мінску будзе «перазапускацца»
- 11.04.2026, 13:38
З-за будаўніцтва метрапалітэна.
У Мінску будуць «перазапускаць» раку Свіслач, якая працякае праз беларускую сталіцу. Прычына — актыўнае будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, якая, паводле планаў, павінна дацягнуцца да Зялёнага Лугу ўжо ў 2028 годзе. У будаўніцтве (якое ідзе ў рэжыме 24/7) адразу тры станцыі: «Парк Дружбы народаў», «Камароўская», «Пярэспа».
Пры будаўніцтве інжынеры і метрабудаўнікі сутыкаюцца з пэўнымі непазбежнымі складанасцямі, у тым ліку звязанымі з перасячэннем вадных участкаў.
— Ствараецца ахоўны экран, каб мы маглі працаваць ніжэй за ўзровень вады. Гатуем пляцоўку для ўмацавання рэчышча ракі Свіслач. Апускаецца шпунт, будзем далей асушаць дно ракі, выбіраць лішні грунт, умацоўваць, заліваць маналітную пліту, палавіну ракі цяпер закрываем, выкачваем ваду, вядзём працы. Другая палова будзе адкрытая, потым памяняем месцамі. То-бок перазапускаем раку, — расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання майстар участку № 8 прадпрыемства «Мінскметрабуд» Аляксандр Огер.