«Дармаедскія» тарыфы ЖКГ будуць для ўсіх?
- 11.04.2026, 17:30
Ёсць моманты, якія на гэта паказваюць.
7 красавіка была афіцыйна апублікавана Канцэпцыя «энергетычнай бяспекі Беларусі». Сярод іншага ў ёй пацверджаны курс на ліквідацыю так званага перакрыжаванага субсідзіравання, дзякуючы якому камунальныя паслугі абыходзяцца для дамашніх гаспадарак танней, чым для прадпрыемстваў. У гэтым і крыецца пагроза росту тарыфаў для насельніцтва.
Канцэпцыю энергетычнай бяспекі зацвердзіў кіраўнік «урада» Аляксандр Турчын. Дакумент распрацаваны на перспектыву: шэраг паказчыкаў разлічаны аж да 2040 года.
Акрамя таго, дакумент прадугледжвае паэтапнае скарачэнне перакрыжаванага субсідзіравання. Гэта старая хвароба беларускай эканомікі: арганізацыі плацяць за энергію больш, чым фізічныя асобы, і гэта дазваляе трымаць ніжэйшымі камунальныя тарыфы для насельніцтва.
«Калі паглядзець у рэтраспектыве апошніх 10–15 гадоў, то працэнт кампенсацыі насельніцтвам розных паслуг ЖКГ у цэлым вырас; гэта ж датычыцца і транспартных паслуг. Возьмем для прыкладу электраэнергію: калі ў 2012 годзе была інфармацыя, што насельніцтва пакрывае 40% сабекошту электраэнергіі, то цяпер — на ўзроўні 80–85%. І паступова да гэтага ўлады Беларусі насамрэч пераходзяць», — кажа «Белсату» эканамістка даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна.
Праблема ў тым, што людзі ўсё адно аплачваюць падвышаныя тарыфы кампаній, бо дадатковыя выдаткі вытворцы закладаюць у кошт прадукцыі:
«Насельніцтва ўсё роўна ўскосна за гэта плаціць, нават калі тарыфы на тую ж электраэнергію для яго меншыя, таму што ў дадзеным выпадку прадпрыемствы, якія плацяць за электрычнасць больш, проста перакладаюць гэта ў кошт тавару».
Пры гэтым за цеплавую энергію (ацяпленне і падагрэў вады) беларусы дагэтуль плацяць каля 20% сабекошту, астатняе кладзецца на плечы прадпрыемстваў. Таму, робіць выснову экспертка, нельга выключаць, што тарыфы для насельніцтва будуць патроху расці, хоць і не рэзка:
«Тое, што закладзена ў Канцэпцыі, — гэта такі трэк, які захоўваецца гадамі. Аднак гэта вельмі павольны трэнд. Гэта не азначае, што заўтра нам скажуць, што насельніцтва будзе плаціць 90% за цяпло».
Дарэчы, ужо цяпер без перакрыжаванага субсідзіравання жывуць так званыя дармаеды, якім выстаўляюць «эканамічна абгрунтаваныя» тарыфы. Гэта прыкладна столькі, колькі, як мае быць, павінны плаціць усе дамашнія гаспадаркі.
«Скасаванне перакрыжаванага субсідзіравання — гэта правільна, аднак неабходна забяспечыць падтрымку тым людзям, якія сапраўды маюць патрэбу, якім нізкія даходы не дазваляюць аплачваць высокія тарыфы. А так выходзіць, што заможны, не заможны — усе плацяць аднолькава за дастаткова нізкія тарыфы на тое ж цяпло», — кажа Лузгіна.
У дакуменце не пазначаныя тэрміны, калі шкоднае для эканомікі субсідзіраванне будзе ліквідавана, аднак відавочна, што для ўладаў гэта выразны арыенцір, тым больш, што, як чакаецца, больш высокія тарыфы прымусяць людзей эканоміць.
«Паэтапнае скарачэнне перакрыжаванага субсідзіравання ў тарыфах на энергію і цэнах на газ, а таксама ўдасканаленне сістэмы тарыфаўтварэння на энергію з мэтай стымулявання спажыўцоў да больш эфектыўнага выкарыстання энергіі», — так у Канцэпцыі пазначаны «нацыянальны інтарэс Беларусі ў паліўна-энергетычнай сферы».
Варта адзначыць, што амаль уся нафта і ўвесь прыродны газ Беларусь цяпер атрымлівае з аднаго «крана» — Расіі. Ці маюць улады якія-небудзь планы на выпадак форс-мажору — невядома.
З газам сітуацыя істотна складаней. І праблема якраз у цане.
У Канцэпцыі прапісаныя прагнозныя паказчыкі галоўных індыкатараў энергетычнай бяспекі, і, як звярнула ўвагу экспертка, лічбы сведчаць, што развіваць аднаўляльныя крыніцы энергіі ніхто не плануе:
«Увогуле індыкатары зменены так, каб можна было нічога не рабіць. У большасці індыкатараў мэтавыя значэнні 2040 года амаль не адрозніваюцца ад сённяшніх значэнняў».
Напрыклад, доля энергіі з аднаўляльных крыніц у агульным спажыванні энергарэсурсаў павінна вырасці з цяперашніх 7,2% да 8,5% у 2040 годзе. Доля прыроднага газу ў вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі цяпер — 66%, а ў 2040-м павінна быць не больш за 65%. Доля электрычнасці ў спажыванні павінна вырасці з цяперашніх 17,2% да 20%.