Дураў заявіў пра новае «антыцэнзурнае» абнаўленне Telegram
- 12.04.2026, 4:00
Спецыяльна для расіян.
Месэнджар Telegram, які спрабуюць заблакіраваць у Расіі, атрымаў спецыяльнае абнаўленне — абноўлены пратакол абароны ад цэнзуры. Тэарэтычна гэта дазваляе карыстацца месэнджарам там, дзе яго блакуюць.
Пра гэта паведамляе заснавальнік месэнджара Павел Дураў.
— Карыстальнікам у Расіі рэкамендуецца абнавіць свае прыкладанні, каб заставацца на сувязі, нягледзячы на забарону, — гаворыцца ў яго паведамленні.
Таксама Дураў параіў расіянам усталяваць адразу некалькі VPN-сэрвісаў і праксі-сервераў. Паводле яго слоў, варта дапамагчы сябрам і сваякам зрабіць тое самае. Дураў пры гэтым раіць пазбягаць выкарыстання расійскіх прыкладанняў, калі на прыладзе ўключаны VPN — прыкладанні паведамляюць пра гэта ўладам, працу прыкладання на прыладзе могуць заблакаваць.
— Я рады бачыць, што большасць людзей ужо гэта робіць. Дзякуючы гэтаму «лічбаваму супраціву» выкарыстанне Telegram у Расіі заставалася стабільным на працягу апошняга тыдня, нягледзячы на поўную забарону, — дадаў ён.
Заўважым, нягледзячы на заяву Дурава пра абнаўленне, многія расіяне ўсё адно скардзяцца, што не могуць карыстацца Telegram. Прычына даволі простая — расійскі рэжым звярнуўся да масавай блакіроўкі менавіта праксі-сервераў. Таксама расійскія прыкладанні сапраўды паведамляюць пра выкарыстанне на прыладах VPN-сэрвісаў — «самымі агрэсіўнымі» ў гэтым плане, як пішуць расійскія каналы, сталі прыкладанні расійскіх банкаў.