Паліўны бунт у Ірландыі: паліцыя прарвала блакаду адзінага ў краіне нафтаперапрацоўчага завода
- 12.04.2026, 8:29
Фермеры і дальнабойшчыкі правялі пратэст з-за цэнаў на паліва.
Ірландская паліцыя і армія правялі аперацыю па разблакаванні адзінага ў краіне нафтаперапрацоўчага завода. Сілавікі выкарысталі спецыяльныя сродкі і адцеснілі пратэстоўцаў, якія перакрылі шлях да завода з-за высокіх цэнаў на паліва.
Пра гэта паведамляе выданне POLITICO.
Сутычкі ўспыхнулі каля завода Уайтгейт у графстве Корк, дзе пратэстоўцы ўласным транспартам заблакіравалі ўезд і выезд для заводскай тэхнікі. Пасля гэтага паліцыя ўжыла перцавы спрей супраць актывістаў, а вайскоўцы пачалі вывозіць грузавікі і трактары, якія блакіравалі дарогу.
«Калі нафтаперапрацоўчы завод Уайтгейт не будзе зноў адкрыты, гэта краіна зачыніцца. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі», — заявіў намеснік міністра Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне Томас Бірн.
Нафтавы крызіс балюча б’е па фермерах і дальнабойшчыках. Арганізацыя «Fuels for Ireland» апублікавала трывожныя даныя: з 1500 АЗС краіны каля 600 станцый ужо цалкам вычарпалі запасы паліва.
Патрабаванне кіроўцаў простае — знізіць падаткі. Цяпер падатковая нагрузка складае больш за 60% ад кошту літра паліва.
Урад Ірландыі адмаўляецца ад прамых перамоваў з актывістамі. Чыноўнікі тлумачаць гэта тым, што пратэстоўцы дзейнічаюць стыхійна, без падтрымкі афіцыйных асацыяцый.
Нягледзячы на зачыстку каля Уайтгейта, актывісты не збіраюцца адступаць. Яны перашкаджаюць танкерам заходзіць у парты Голуэй і Фойнс. З-за гэтага нідэрландскае судна з 6 мільёнамі літраў паліва вымушана і далей прастойваць у заліве.