BE RU EN

Унікальныя велікодныя звычаі беларусаў: дзе шануюць каменную дзяўчынку?

  • 12.04.2026, 9:14

У рэгіёнах захаваліся старажытныя традыцыі.

У Беларусі праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень. Фарбаваць яйкі, асвячаць іх, біцца імі «ў біткі» і катаць іх з горкі — традыцыйныя велікодныя звычаі беларусаў і ўсіх усходніх славян. Але ў некаторых вёсках і мястэчках людзі ўносілі разнастайнасць у святкаванне Вялікадня, прыдумваючы ўласныя абрады. У некаторых месцах яны захаваліся да нашых дзён, перадаючыся з пакалення ў пакаленне, а дзе-нідзе пра іх засталіся толькі ўспаміны, піша belarus.kp.ru.

На Палессі запальваюць кастры і ўбіраюць «дзяўчынку»

У вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёна свая ўсенашная — пасля малітвы і асвячэння велікоднай снедзі ўвечары ў суботу прынята запальваць кастры каля дамоў і спаць, не распранаючыся і не выключаючы святло ў доме. Людзі кажуць, што так яны клічуць да сябе Ісуса Хрыста.

А яшчэ на Вялікдзень у Данілевічах ідуць да «каменнай дзяўчынкі». Так называюць камень, які нагадвае сваімі абрысамі і крыж, і постаць чалавека, у якой дасцачна выразна відаць галаву, плечы і нават нагрудны крыжык. Паводле падання, гэта дзяўчынка, якая акамянела з-за мацярынскага праклёну напрыканцы лета, у гарачую пару жніва. Дзяўчынка разам з мамай жала жыта, вязала снапы. Раптам неба зацягнула хмарамі — вось-вось паліве дождж. Маці, хвалюючыся, што снапы прамокнуць, пачала паспешліва складаць іх у капны і падганяць дачку, каб шпарчэй працавала. А дзяўчынка стамілася і вырашыла адпачыць. Тут маці і вымавіла ў запале тое самае рокавае «пажаданне»: «Каб ты каменем стала!» Неба, нібы пачуўшы страшныя словы, пацямнела, паднялася бура, а калі сціхла — на месцы дачкі жанчына ўбачыла камень.

Нягледзячы на ўсю трагічнасць гэтай гісторыі, мясцовыя жыхары лічаць камень абярэгам. «Дзяўчынку» ўбіраюць у хустачку, пераднічак, упрыгожваюць кветкамі. Напярэдадні Вялікадня да яе прыходзяць вясковыя жанчыны, каб памаліцца Богу, папрасіць прабачэння за грахі, прыносяць да каменя пачастункі — крашанкі, велікодныя пірагі. Стары «ўбор» спальваюць, прымаўляючы: «Ідзі да Бога дымам!»

У нядзелю на Вялікдзень «дзяўчынку» наведваюць усе жыхары вёскі. Ёй зноў нясуць пачастункі, упрыгожваюць яе стужкамі, ручнікамі, пацеркамі. Тут людзі і моляцца, і жаданні загадваюць, і вітаюць адзін аднаго са святам, спяваюць велікодныя песні.

Традыцыі пакланення «каменнай дзяўчынцы» нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Водзяць карагоды на добры ўраджай і праводзяць крыжовы ход

У паўночнай і ўсходняй Беларусі на Вялікдзень па дварах хадзілі валачобнікі. Яны спявалі гаспадарам святочныя заздравіцныя песні, жадалі ўсялякіх дабротаў і атрымлівалі за гэта пачастункі. Гэтая традыцыя мала дзе засталася. Але спяваць на Вялікдзень песні з пэўным сэнсам не перасталі.

У вёсках Гадзічава і Марковічы ў Гомельскім раёне ў 2007 годзе адрадзілі абрад «Ваджэнне Сулы». У слова «сула» розныя значэнні, адно з іх — «коп’е», што родніць абрад з вядомым «Ваджэннем Стрэлы», якое «замыкала» вясну. Сулу водзяць, каб быў добры ўраджай і для абароны вёсак ад маланкі.

Для гэтага жанчыны і дзяўчаты на другі дзень Вялікадня апранаюцца ў каляровыя аўтэнтычныя строі, якія шыюцца толькі ў гэтай мясцовасці. Пачынаецца дзеянне ў Гадзічава — тут водзяць старажытныя карагоды, спяваюць. А потым, узяўшыся пад рукі з песняй «Як ішла Сула» і прыпеўкамі пад гармонік, ідуць у Марковічы. На ўсіх скрыжаваннях карагоды паўтараюцца, а да іх удзельнікаў могуць далучыцца ўсе жадаючыя. У Марковічах свята працягваецца.

Карагод водзяць і ў аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна на Берасцейшчыне. Тут гэты абрад, вядомы аж з XVIII стагоддзя, называецца «Стрылка». Бо карагод дарослыя і дзеці водзяць не па крузе, а «стрэлай». Збіраюцца пасля службы ў царкве ў першы дзень Вялікадня. Абрад сімвалізуе заканчэнне Вялікага посту і прыход сапраўднай вясны і прысвячаецца будучаму ўраджаю. Спачатку дзеці невялікімі групкамі выбудоўваюцца ў трох канцах «стрэлы» — яны сімвалізуюць зерняткі. Потым далучаюцца дарослыя, якія, узяўшыся за рукі, водзяць карагод і спяваюць старажытную песню «Ой, ляці, ляці, Стрылка». Дарэчы, тут на жанчынах можна ўбачыць знакамітыя бездзежскія фартушкі. Яны настолькі ўнікальныя, што ў вёсцы для іх створаны музей. Што й казаць — у кожнай бездзежскай пані ў былыя часы было каля дзясятка арыгінальных, зусім па-рознаму вышытых фартушкоў, прызначаных для кожнага вялікага царкоўнага свята.

А абрад «Стрылка» таксама ўнесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, як і «Намскі Вялікадзень» з вёскі Аброва ў Івацэвіцкім раёне Берасцейшчыны.

Аброўскі абрад — гэта крыжовы ход, які здаўна праводзіўся ў першы чацвер пасля Вялікадня. Гісторыя яго з’яўлення звязаная з цяжкімі часамі, калі ў вёсцы пачалі хварэць і паміраць дзеці, і ніхто нічым не мог дапамагчы. Хтосьці са старажылаў падказаў: трэба жанчынам за адну ноч выткалі рушнік для абраза Божай Маці і абысці з ім усю вёску. Так мясцовыя жыхаркі і зрабілі. З абразом, абгорнутым саматканым рушніком, абышлі з малітвамі ўсе дамы ў вёсцы, прыпыняючыся каля кожнага з малітвамі і благаслаўленнем. Бяда з вёскі сышла. А звычай застаўся.

Святочная працэсія з той самай іконай, харугвамі, крыжом, з велікоднымі спевамі адпраўляецца ад Свята-Міхайлаўскай царквы па вёсцы. З кожнай хаты выносяць стол, на якім ставяць велікодныя пачастункі, кветкі, ахвяраванні для царквы. Крыжовы ход спыняецца каля дома, святар благаслаўляе гаспадароў малітвай і акрапляе святой вадой. А «намскім» назвалі свята таму, што благая вестка прыносіцца персанальна кожнаму — то-бок, «нам Вялікдзень».

Кілаграм масла — на стол, яловыя лапкі — на падлогу

Масляны баран, якога ў Глыбоцкім раёне традыцыйна ставілі на стол на Вялікдзень, таксама ўключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны. Цікава, што для яго не трэба нічога, акрамя сметанковага масла. Але яго трэба шмат — каля кілаграма, а то і больш, і якаснага, пажадана хатняга, выбітага ў маслабойцы. Перад Вялікаднем вернікі трымалі строгі пост, не дзіўна, што масла збіралася дастаткова. Вось і прыдумаў хто-небудзь не проста падаваць яго на стол, а ў выглядзе кудраватага баранчыка. У сям’і носьбіткі традыцыі Марыны Хрол з вёскі Мацюкова рэцэпт перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Таму менавіта ў яе масляны баран атрымліваецца такі, што людзі заказваюць яго ў яе і на вясельныя сталы, і на розныя святы.

Цікава, што масляны баранчык быў традыцыйнай велікоднай стравай у розных рэгіёнах Польшчы, Украіны, Чэхіі, Расіі. І пазіцыянаваўся не столькі як смачная страва (масла — яно і ёсць масла), колькі як арыгінальнае ўпрыгожанне велікоднага стала. Ёсць згадка пра баранка з масла і ў сур’ёзных кулінарных кнігах.

У вёсках перад Вялікаднем гаспадыні рабілі ў хатах генеральную ўборку і даставалі з куфраў усё найлепшае, каб упрыгожыць жыллё да вялікага свята, — самыя святочныя вышытыя ручнікі, найпрыгажэйшыя тканныя посцілкі. А ў Магілёўскім раёне прынята ўпрыгожваць дом да Вялікадня яшчэ і яловымі лапкамі. Раніцай у суботу сем’ямі ішлі ў лес па свежую хвою і ўстылалі ў доме падлогу лапкамі. Яловыя лапкі, прынесеныя ў дом перад Вялікаднем, лічыліся абярэгам ад усіх бед.

Вялікдзень пачынаюць святкаваць каля магіл

У многіх вёсках Докшыцкага, Барысаўскага раёнаў на могілкі прынята хадзіць не на Радаўніцу, а ў першы дзень Вялікадня. Пры гэтым стараюцца прыйсці як мага раней — а восьмай гадзіне раніцы тут ужо людна, як на вясковай вуліцы ў святочны дзень. А самымі першымі павінны прыходзіць на могілкі тыя, хто нядаўна пахаваў родных.

Магілы прыбіраюць і фарбуюць агароджы напярэдадні, а раніцай на Вялікдзень на іх кладуць абрусы, выстаўляюць выпіўку і закускі. Праўда, у апошнія гады ўсё больш людзей адмаўляецца ад гэтага звычаю і аддаюць перавагу накрываць сталы дома. Але на большасці магіл усё роўна стаіць талерачка і чарка — памёрлым родзічам абавязкова пакідаюць выпіць і закусіць, а тым, хто курыў, яшчэ і цыгарэту могуць пакласці. Закуска звычайна сімвалічная — цукеркі, яблык, крашанка (але ні ў якім разе не асвячоная, а ў першы год пасля пахавання яна і ўвогуле павінна быць не пафарбаваная). Кажуць, гэты звычай з’явіўся, калі цэрквы паўсюдна былі закрытыя. Людзі не пераставалі верыць у Бога і не хацелі адмаўляцца ад велікодных набажэнстваў, таму запрашалі святара памаліцца на могілках — адтуль ніхто не адважваўся іх прагнаць. З цягам часу набажэнствы вярнуліся ў цэрквы, а традыцыя хадзіць зранку на могілкі захавалася.

Апошнія навіны