BE RU EN

Выбары ў Венгрыі: чаму Мадзяр можа перамагчы Орбана

  • 12.04.2026, 10:57

Поспех лідэра апазіцыі тлумачыцца тым, што ён старанна вывучыў памылкі сваіх папярэднікаў.

12 мая адбываюцца парламентскія выбары ў Венгрыі, лідарам апытанняў з'яўляецца партыя Петэра Мадзяра – палітыка, які ператварыўся з дзяржаўнага службоўца сярэдняга звяна ў галоўную пагрозу для ўрада Віктара Орбана, піша Politico.

Ён узначаліў партыю «Ціса» ў 2024-м і здолеў аб'яднаць выбаршчыкаў, якія імкнуцца пакласці канец 16-гадоваму кіраванню партыі «Фідэс». Перамога Мадзяра можа змяніць ролю Венгрыі ў Еўропе, скараціць яе прывязанасць да Масквы і аднавіць пазіцыі як прадказальнага партнёра ў ЕС і НАТА.

Ад чальца партыі Орбана да выкрыўцы

Палітычны капітал Мадзяра звязаны з яго мінулым. Ён вырас у паслякамуністычным, хрысціянска-дэмакратычным інтэлектуальным асяроддзі: яго бацька быў юрыстам, маці — высокапастаўленай чыноўніцай Вярхоўнага суда, а дзед — тэлевізійным каментатарам па прававых пытаннях.

Падчас студэнцкіх гадоў у Германіі Мадзяр пазнаёміўся з цяперашнім кіраўніком апарату прэм'ер-міністра Гергеем Гуляшам і далучыўся да партыі Орбана «Фідэс». На працягу доўгага часу Мадзяр заставаўся ў цені, тады як яго былая жонка Юдзіт Варга узнялася да пасады міністра юстыцыі ў ўрадзе Орбана.

Мадзяр неаднаразова спрабаваў атрымаць вышэйшыя пасады ў ўрадзе, але яму гэта не ўдалося. «Міністры заўсёды адмаўлялі, таму што ён быў занадта амбіцыйным і незалежным», — адзначыў Міклош Сюкёшд, палітолаг з Капенгагенскага ўніверсітэта.

Разрыў з сістэмай адбыўся пасля таго, як у студзені 2023 года Мадзяр таемна запісаў сваю тагачасную жонку Юдзіт Варгу. На запісах яна распавядала пра ўмяшанне чыноўнікаў у карупцыйную справу. Хоць у сакавіку таго ж года Мадзяр і Варга развяліся, ён месяцамі захоўваў запіс як «страхоўку» на выпадак канфлікту з рэжымам.

Магчымасць з'явілася ў лютым 2024-га, калі з-за сэксуальнага скандалу вакол дзіцячага дома ў горадзе Бічке Варга і прэзідэнтка Каталін Ноўак былі вымушаныя падаць у адстаўку. Тады Мадзяр апублікаваў аўдыязапіс і публічна абвінаваціў урад у сістэмнай карупцыі.

«Яго прывабнасць у тым, што яго ўспрымаюць як інсайдара, які раней ведаў гэтых людзей, сядзеў у першым шэрагу сістэмы Орбана», — сцвярджае Каталін Чех, па-зафракцыйная дэпутатка венгерскага парламента.

Цішыня адносна Украіны і зачыстка апазіцыі

Палітычны поспех кампаніі Мадзяра звязаны з тым, што ён старанна вывучыў памылкі сваіх папярэднікаў, у прыватнасці Петэра Маркі-Зая, які пацярпеў паразу ад Орбана ў 2022 годзе, адзначае Politico.

Памылкай Маркі-Зая стала яго заява перад уварваннем РФ у 2022-м, што Венгрыя магла б накіраваць салдат ва Украіну, калі так вырашыць НАТА. Гэтую фразу праўладныя СМІ выкарысталі, каб абвінаваціць апазіцыю ў жаданні ўцягнуць краіну ў вайну. Навучыўшыся на гэтым, Мадзяр пазбягае дэбатаў адносна міжнароднай падтрымкі Украіны: ён выступае супраць паскоранага ўступлення Кіева ў ЕС і паставак зброі.

Яшчэ адзін стратэгічны крок — адмова ад стварэння шырокіх кааліцый. Замест гэтага Мадзяр прымусіў усе іншыя апазіцыйныя партыі зняць сваіх кандыдатаў, абвінавачваючы іх у дапамозе Орбану ў выпадку адмовы. У прыватнасці, ён баяўся, што людзі з палітычным мінулым могуць аказацца сабатажнікамі, якія таемна супрацоўнічаюць з Орбанам.

Кандыдаты, якія адмовіліся здымацца з выбараў, заяўляюць, што сутыкнуліся з анлайн-пераследам з боку прыхільнікаў «Цісы», а сама партыя Мадзяра дадаткова аспрэчвала рэгістрацыю некаторых канкурэнтаў у судзе.

Для абароны ад медыйных атак «Фідэс» Мадзяр увёў кантроль і цэнтралізацыю над камунікацыямі ўнутры ўласнай партыі. У прыватнасці, увёў забарону на зносіны са СМІ для большасці сяброў партыі. Абмежаванне каналаў партыйнай камунікацыі з'яўляецца вельмі разумным, паколькі гэта пакідае меней падстаў для крытыкі, сфальсіфікаваных і скаманіпуляваных запісаў, сцвярджае Маркі-Зай.

Аднак такі стыль кіравання выклікае занепакоенасць нават у паплечнікаў. Партыя «Ціса» пачыналася як дынамічны «стартап», пасля пачала пераймаць рысы партыі «Фідэс». «Культура ўнутры партыі стала на нешта падобнай — заснаванай на адданасці, а не на выніках», — распавёў Дэжо Фаркаш, прадпрымальнік і адзін з заснавальнікаў партыі «Ціса». Сам Мадзяр у 2024 годзе называў сваю партыю «тэатрам аднаго акцёра».

Ўгорцы гатовыя галасаваць «нават за казу»

Папулярнасць Мадзяра вырасла не толькі дзякуючы яго рыторыцы, але і праз эканамічную слабасць Венгрыі, высокую інфляцыю і крызіс кошту жыцця. Людзі абураюцца праз усюдыісную карупцыю ў ўрадзе.

Для многіх ўгорцаў Мадзяр стаў інструментам пратэсту. «Мы не галасуем за «Цісу», мы галасуем супраць «Фідэс». Ўгорцы на гэтым этапе прагаласавалі б за казу, калі б яна балатавалася», — заявіла Цімэа Сабо, дэпутатка венгерскага парламента ад Партыі зялёных.

У той жа час Мадзяр дэманструе выключную вытрываласць, здольны аб'язджаць да шасці гарадоў у дзень і эфектыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі для прамога кантакту з выбаршчыкамі. «Ён валодае мовай алгарытмаў, але стварае давер асабіста», — патлумачыў Мартон Хайду, кіраўнік аддзела па пытаннях ЕС партыі «Ціса» і кандыдат у дэпутаты.

Зараз Мадзяр з'яўляецца найбольш верагодным кандыдатам на змену Орбана. Аднак ягоны поспех трымаецца на чаканні хуткіх зменаў: адпраўкі карумпаваных чыноўнікаў за краты і аднаўленні дэмакратыі. Ціск, які на яго аказваецца, высокі.

«Гэтыя хвалі таксама гатовыя раздавіць яго, калі ён не выканае сваіх абяцанняў», — папярэдзіў Маркі-Зай. Аднак калі Мадзяру гэта ўдасца, былыя лідары апазіцыі нават абяцаюць паставіць яму помнік, адзначае Politico.

Апошнія навіны