«Рэптылоіды ўжо захапілі «Раскасмас» і шлюць сігналы сваім»
- Васіль Верас, «Салідарнасць»
- 12.04.2026, 14:28
65-годдзе першага палёту чалавека ў космас выдалася даволі забаўным.
РФ, якая лічыць сябе правапераемніцай СССР і, адпаведна, трыумфу, звязанага з палётам Юрыя Гагарына, адзначыла гэтую дату з размахам. Там па распараджэнні Уладзіміра Пуціна арганізавалі цэлы «Тыдзень космасу», у межах якога адбыліся Расійскі касмічны форум, аўдыявізуальнае шоу «Першыя ў космасе. Cosmo Night» (з удзелам Filatov & Karas, Bearwolf, Тосі Чайкінай і іншых максімальна зорных артыстаў), тэматычныя заняткі ў школах «Размовы пра важнае» і ветэранскі тэнісны турнір «Ракета Байканура».
Амерыканцы сціпла абляцелі вакол Месяца.
Але ці дасягненне гэта? Вось Пуцін анансаваў, што расіяне адправяць місію на Марс і высадзяцца на Месяцы… яшчэ ў 2019 годзе.
Дарэчы, якраз на гэтым тыдні стала вядома, што запуск расійскіх касмічных станцый «Луна-28», «Луна-29» і «Луна-30» адкладзены — на 2032–2036 гады. І гэта не ўсе пераносы.
На гэтым фоне надзвычай пераканаўча гучаць словы намесніка генеральнага дырэктара «Раскасмаса» па вытворчасці Грыгорыя Максімава:
«У бліжэйшыя тры-чатыры гады мы заклалі ўсе неабходныя меры, каб не толькі дагнаць, але і ўвайсці ў вядучую тройку сусветных касмічных дзяржаў».
Таксама цяпер у РФ распрацоўваюць вельмі важны дакумент «Стратэгія асваення Месяца на перыяд да 2060 г.» А начальнік Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў (ЦПК) імя Гагарына (структура «Раскасмаса») Алег Кананенка і ўвогуле заявіў, што расійскія касманаўты адправяцца на Марс на працягу 50 гадоў. Дзе ўжо там Ходжы Насрэддзіну з яго 20 гадамі, каб навучыць асла гаварыць і пісаць.
Калі ж казаць не пра планы, а пра рэальныя дасягненні, то галоўным у гэтым годзе ў нашых суседзяў стаў, бадай, афіцыйны плакат «Раскасмаса» да 65-годдзя палёту Гагарына.
Тэлеграм-канал «Юра, прабач» пракаментаваў гэты дызайнерскі шэдэўр:
«Адлюстраваныя два чатырохпальцыя рэптылоіды, якія ўжо захапілі «Раскасмас» і шлюць сігналы сваім, каб таксама прыляталі».
Васіль Верас, «Салідарнасць»