BE RU EN

Лукашэнка збіраецца на парад 9 траўня ў Маскву

  • 12.04.2026, 14:53

Але ёсць нюанс.

Дыктатар Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў свой удзел у парадзе Перамогі ў Маскве. Пра гэта паведаміла яго прэс-служба па выніках тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным 12 красавіка. Аднак у афіцыйным паведамленні Крамля згадкі пра парад няма. Раней з'яўлялася інфармацыя, што ён можа быць адменены.

Як паведаміла прэс-служба беларускага дыктатара, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову 12 красавіка. Сцвярджаецца, што яны абмяняліся велікоднымі віншаваннямі, абмеркавалі двухбаковыя адносіны, падрыхтоўку чарговага Форуму рэгіёнаў, а таксама «рэгіянальную і міжнародную праблематыку».

Таксама сцвярджаецца, што Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў удзел у парадзе ў Маскве з нагоды Дня Перамогі.

На сайце Крамля таксама з'явілася паведамленне пра тэлефонную размову. У ім згадваюцца абмен велікоднымі віншаваннямі, абмеркаванне двухбаковага супрацоўніцтва і «ўзаемны настрой на далейшае ўмацаванне саюзніцкіх адносін». Аднак ні слова пра запрашэнне або пацвярджэнне ўдзелу Лукашэнкі ў парадзе 9 траўня ў паведамленні прэс-службы расійскага прэзідэнта няма.

Раней Z-блогеры і ўкраінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі, што парад Перамогі ў Маскве сёлета можа быць адменены або яго наземная частка можа быць перанесеная з-за пагрозы удараў далёкабойнымі ўкраінскімі ракетамі.

«Уяўляеце, «Парад, раўняйся! Смірна!» — і абвяшчаецца ракетная небяспека. Што будзе адбывацца на плошчы і вакол яе? Гэта будзе істотны ўдар у медыйным плане, нават калі нічога не даляціць», — казаў у эфіры «Салаўёў Live» праваенны блогер Ілья Туманаў.

Апошнія навіны