BE RU EN

У Варшаве адкрылася выстава Лявона Вольскага

  • 12.04.2026, 17:11

Музыка прадставіў сваю першую персанальную экспазіцыю жывапісу.

У Варшаве 11 красавіка адкрылася выстава жывапісу «Лес чуе, а поле бачыць» вядомага беларускага музыкі, пісьменніка і мастака Лявона Вольскага. У экспазіцыі — 11 прац, якія выпраменьваюць туманы, настальгію і таямнічыя сэнсы. Гэта першая персанальная выстава легенды беларускай рок-сцэны. «Белсат» пабываў на вернісажы.

У мастацкую прастору Лявона Вольскага ўваходзіш, нібыта пранікаеш унутр «чорнага квадрата» («Жыццё маё — прастора», «Чорны квадрат»...), бо экспазіцыя хаваецца за чорнай драпіроўкай. І гэтае месца клубіцца дымам. Ці парай. А можа, фіміямам... Толькі наблізіўшыся да палотнаў, разумееш: мусіць, гэта туман. Уражанне такое, што ён сцякае з саміх пейзажаў на палотнах — мяккіх, няпэўных і крыху нерэальных.

«Давялося ламаць сябе праз калена»

Фото: Рауль Дюк / Белсат

«Як бачыце, мы падышлі канцэптуальна: перафарбавалі сцены ў гэтым кутку, павесілі драпіроўкі... Мы нават падпусцілі туману. Бо Беларусь — гэта такая краіна дымкі, туманаў. І ў Беларусі, акрамя таго, гэта яшчэ ўласцівасць цяперашняга жыцця. Бо сённяшні дзень і заўтрашні — даволі туманныя. І толькі калі азіраемся назад, у мінулае, — там усё сонечна. А наперадзе — усё туманнае, усё няпэўнае. Вы згодныя, так?..» — пытаўся ў трохі затуманеных (белае і чырвонае віно пакуль што па-за гульнёй) беларусаў на адкрыцці выставы Лявон Вольскі.

Свой «Чорны квадрат» — адзін з самых моцных трэкаў альбома «Псіхасаматыка» (2016) — Лявон Вольскі будзе спяваць і на вернісажы. А перад гэтым ён успомніць слаўнага супрэматыста Казіміра Малевіча — як, магчыма, адзінага ў свеце мастака, які, распавядаючы пра канцэпцыю свайго мастацтва, «не выглядаў дурнавата».

Каб не паўтараць памылак тых, хто пастаянна спрабуе тлумачыць словамі свае мастацкія ідэі, Лявон Вольскі быў няшматслоўны. Заявіў, што ягоная выстава канцэптуальная ўжо хаця б таму, што ўсе карціны прысвечаныя якой-небудзь прыказцы ці прымаўцы — «якой-небудзь жамчужыне гэтай народнай творчасці».

«Гэта нетыповы для мяне жанр, бо я звычайна больш авангардны і больш працую ў экспрэсіянісцкім жанры. Але тут давялося ламаць сябе праз калена і рабіць вось такія рэчы, узгадваць адукацыю, — прызнаваўся Лявон Вольскі. — Трошачку тут ёсць сюррэалізму. Альбо гэта магічны рэалізм, як цяпер кажуць. Ці фэнтэзі».

«Лес чуе, а поле бачыць»

Фото: Рауль Дюк / Белсат

Цікава, што сваю, на наш погляд, найбольш «магічную» працу «Лес чуе, а поле бачыць», якая і дала назву праекту (ці «серыялу», як кажа аўтар), Вольскі вынес за дужкі экспазіцыі, адасобіў і паставіў на мольберце каля супрацьлеглай сцяны. Бо, як патлумачыў мастак, яна «канцэптуальна не пасуе да ўсёй экспазіцыі».

Гэта праца не выдыхае туману — яна шпіяніць за гледачамі сотнямі вачэй з кветак, якія здалёк можна зблытаць з дзьмухаўцамі. Беларуская версія англійскай прымаўкі The walls have ears («Сцены маюць вушы»).

Выстава «Лес чуе, а поле бачыць» — плён працы, якая цягнулася паўтара года з перапынкамі на канцэртныя туры. Лявон Вольскі кажа, што праект можна лічыць яго першай персанальнай выставай, бо выстава Rock-art, якую ён праводзіў разам з лідарам гурта «Дай дарогу» Юрыем Стыльскім у 2023 годзе, усё ж была «парнай».

«Ну і вось, цяпер мы з камандай саспелі да таго, каб зрабіць гэтую канцэптуальную персанальную выставу», — тлумачыў Лявон Вольскі.

«Выяўленчае мастацтва нікуды не знікла»

Фото: Рауль Дюк / Белсат

На вернісажы 11 красавіка Вольскі распавядаў, што хацеў быць мастаком з самага дзяцінства («не касманаўтам або міліцыянерам, як многія іншыя, — мастаком»), як хадзіў у студыю Сяргея Каткова, а потым вучыўся ў мастацкай школе № 1 і ў мастацкім вучылішчы і марыў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў)... Пасля была армія і правалены экзамен у «тэатралку» («Ну калі ты два гады пішаш плакаты і малюеш Леніна, дык, безумоўна, праваліш экзамены ў Акадэмію мастацтваў»). Але тады ўжо з’явілася — цяпер легендарная — «Мроя».

«Мы пачалі ўжо сур’ёзна займацца музыкай. Але выяўленчае мастацтва ўсё адно нікуды не знікла... Усе гэтыя гады я маляваў вокладкі да сваіх альбомаў, ілюстрацыі да сваіх і не сваіх кніг, працаваў у графіцы», — распавядаў Лявон Вольскі, трымаючы ў руках гітару.

Для кароткага канцэрта на адкрыцці выставы ён наўмысна, як прызнаўся, падрыхтаваў «толькі дэпрэсіўныя песенькі». Пачаў з NRM-аўскага «Худсавета» («Прыдумай сабе свой свет»), аднак скончыў аптымістычнай «Дай мне знак»: «А неўзабаве прыйдзе дзень, якога так чакалі ўсе…».

Ужо пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства спыталі ў Лявона, якім ветрам можна было б разагнаць гэтыя туманы, што згушчаюцца над Беларуссю, каб «дзень, якога так чакалі ўсе», настаў як мага хутчэй.

«Толькі ветрам, які дзьме знутры саміх людзей», — быў лаканічны Лявон Вольскі.

Ён абяцае, што ягоныя будучыя працы будуць больш яснымі, «не такімі туманнымі».

«Калі-небудзь, калі пабудуюць музей Лявона Вольскага...»

Фото: Рауль Дюк / Белсат

Уражаннямі ад выставы падзяліўся з намі музыка, лідар гурта «J:морс» Уладзімір Пугач.

«Гэта не першая выстава Лявона, на якую я трапляю, але, на мой густ, найлепшая. Менавіта таму, што ў ёй вельмі і вельмі шмат атмасферы і вобразаў. Мінімум маркетынгу, максімум сэнсу. Для мяне гэта выглядае так. Ягоныя гарадскія пейзажы, такія злые, з туманам і кантрастам, мне вельмі нагадалі нашу беларускую рэчаіснасць», — заўважае Уладзімір Пугач.

А былы палітвязень, юрыст, літаратар і музыка Максім Знак, якога мы таксама сустрэлі на вернісажы, лічыць, што ў вольнай Беларусі абавязкова будзе адкрыты музей Лявона Вольскага.

«Цудоўная выстава, я ў захапленні. І добра, што Лявон Вольскі настолькі таленавіты. Калі-небудзь, калі пабудуюць музей Лявона Вольскага, дзе будуць сабраныя ўсе ягоныя творы, матэрыяльныя і нематэрыяльныя, дык, напэўна, давядзецца цэлы квартал у нейкім горадзе на гэта выдзеліць. Я спадзяюся, што ў Мінску», — падзяліўся з намі Максім Знак.

Фото: Рауль Дюк / Белсат

Апошнія навіны