У Крамлі ўчынілі істэрыку з-за краін Балтыі і Фінляндыі
- 14.04.2026, 8:51
Заяву агучыў памочнік Пуціна Патрушаў.
Дзяржавы Балтыі і Фінляндыя нібыта дапамагаюць Украіне наносіць удары па расійскіх ваенных аб’ектах, прадастаўляючы сваю паветраную прастору для пралёту ўкраінскіх дронаў, піша «Фокус».
Гэта будзе мець для гэтых краін адпаведныя «наступствы», — заявіў у інтэрв’ю «Расійскай газеце» памочнік расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна Мікалай Патрушаў.
«Лічу, што саўдзельнікамі гэтых злачынстваў з’яўляюцца і суседнія дзяржавы, нават калі ўкраінскія беспілотнікі запускаюцца з палубаў суднаў у Балтыйскім моры. Пасудзіце самі. Адлегласць ад паўночных межаў Украіны да Ленінградскай вобласці — больш як 1400 кіламетраў. Такі маршрут патрабуе дбайнай прапрацоўкі і, як мінімум, згоды кіраўніцтва тых краін, над тэрыторыяй якіх ён праходзіць», — сказаў Патрушаў.
Паводле яго слоў, жыхары Эстоніі нібыта атрымліваюць SMS-паведамленні і лістоўкі, загадзя надрукаваныя ў друкарні, пра магчымую з’яву ў небе беспілотнікаў.
А Фінляндыя, паводле сцвярджэнняў Патрушава, прама заявіла, што не будзе патрабаваць ад Украіны спынення ўдараў па Ленінградскай вобласці Расіі.
«Прадастаўленне краінамі Балтыі і Фінляндыяй паветранай прасторы для пралёту ўдарных БПЛА азначае непасрэдны ўдзел дзяржаў — членаў НАТА ў атаках на расійскую тэрыторыю і інфраструктуру. З усімі высновамі і наступствамі», — падкрэсліў Патрушаў.