BE RU EN

СМІ: Мадзяр кліча ў Вугоршчыну пракурораў з Люксембурга

  • 14.04.2026, 16:35

Над Орбанам згушчаюцца хмары.

Пэтер Мадзяр паабяцаў далучыцца да Еўрапейскай пракуратуры і надаць следчым ЕС паўнамоцтвы расследаваць справы аб махлярстве і карупцыі ў часы кіравання Віктара Орбана. Новы прэм’ер не супраць, каб люксембургскія следчыя праверылі, як лідар «Фідэс» траціў грошы Брусэля.

Пра гэта паведамляе Euractiv.

Вугоршчыну «абрабавалі, зрабілі самай беднай і самай карумпаванай краінай у ЕС», — заявіў Мадзяр. Таму падпісанне дамоўленасці з пракуратурай ЕС стане адным з першых крокаў новага ўрада.

І гэта не проста жэст добрай волі, а стратэгічны план новага прэм’ера. Мадзяр імкнецца разблакаваць 17 мільярдаў еўра замарожаных сродкаў, заблакаваных падчас кіравання дзяржавай Орбанам.

Падчас сваёй першай прэс-канферэнцыі Мадзяр адзначыў важнасць незалежнага суда. Ён не збіраецца асабіста адпраўляць Орбана за краты.

«Гэта не справа палітыка, не прэм’ер-міністра, не старшыні партыі — вырашаць, ці месца былому прэм’ер-міністру ў турме», — падкрэсліў ён.

Куды знікалі мільярды Брусэля

Доўгі час Віктар Орбан адмаўляўся ад супрацоўніцтва з EPPO (Незалежная дзяржаўная пракуратура ЕС). Будапешт тлумачыў гэта «абаронай суверэнітэту», але крытыкі бачылі іншую прычыну. Сродкі ЕС гадамі сцякаліся ў бізнес-сеткі, звязаныя з Орбанам.

14% усіх сродкаў з дзяржаўных тэндэраў атрымлівалі толькі 42 кампаніі, якія належаць 13 паплечнікам Орбана. Агульная сума сумніўных тэндэраў з 2010 года перавышае 28 мільярдаў еўра.

Саюзнікі Орбана ўжо абвінавачваюць Мадзяра ў «здрадзе нацыянальным інтарэсам». У брусэльскім аддзяленні аналітычнага цэнтра MCC (звязаным з партыяй «Фідэс») заявілі, што новы прэм’ер плануе «прыстасавацца да дыктату Брусэля».

Апошнія навіны