«Рускія, ідзіце дадому!»
- 14.04.2026, 9:49
Дональд Туск павіншаваў венгерскую апазіцыю з перамогай на выбарах.
Вынікі выбараў у Венгрыі паказваюць, што Еўропа не асуджаная на карумпаваную і аўтарытарную ўладу, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які знаходзіцца з візітам у Паўднёвай Карэі.
Раней кіраўнік польскага ўрада па тэлефоне павіншаваў лідара апазіцыйнай партыі «Тіса» Петэра Мадзяра з перамогай і напісаў на платформе X: «Зноў разам! Вялікая перамога, дарагія сябры!» і дадаў па-венгерску «Ruszkik haza!», што азначае «Рускія, ідзіце дадому!».
Па словах Дональда Туска, вынікі выбараў у Венгрыі абвяргаюць сцвярджэнні пра тое, што наша частка Еўропы асуджаная на папулісцкае і аўтакратычнае кіраванне.
— Увесь свет у захапленні ад гэтых вынікаў выбараў, бо яны паказваюць, што няма ніякай непазбежнай тэндэнцыі. Многія баяліся, што гэта час аўтарытарных і карумпаваных рэжымаў у Еўропе. Спачатку Варшава, пазней Бухарэст, Кішынёў, а цяпер Будапешт… Я рады, што гэтая частка Еўропы паказвае, што мы не асуджаныя на карумпаваную і аўтарытарную ўладу, — заявіў Дональд Туск.
Паводле папярэдніх дадзеных Нацыянальнага выбарчага ўпраўлення Венгрыі (пасля падліку амаль 99 працэнтаў галасоў), апазіцыйная партыя Петэра Мадзяра «Тіса» можа разлічваць на 138 месцаў у парламенце, які складаецца з 199 месцаў.
Згодна з ранейшымі абяцаннямі, са сваім першым замежным візітам Петэр Мадзяр адправіцца ў Польшчу.