«Прыходзіць 180 еўра, з іх 30 забіраюць»
- 14.04.2026, 9:54
Беларуска перавяла пенсію ў Польшчу і не шкадуе.
Маргарыта атрымлівае беларускую пенсію на картку польскага банка. Праўда, з 180 еўра губляецца прыблізна 30. Затое адпала неабходнасць афармляць даверанасці на правядзенне аперацый у Беларусі і хвалявацца з-за змянення правілаў. Як яна дамаглася пераказу пенсіі, беларуска распавяла MOST.
Маргарыце 65 гадоў, яна пераехала ў Польшчу ў лютым 2023 года. У Беларусі жанчына атрымлівала пенсію на банкаўскую картку. Але з часам тэрмін яе дзеяння скончыўся, і беларуска страціла доступ да грошай.
Тады Маргарыта аформіла ў Польшчы даверанасць на знаёмую з Беларусі, і тая атрымлівала пенсію на пошце і перадавала грошы праз мяжу. Але потым правілы змяніліся: атрымліваць пенсію праз пошту стала нельга — толькі на банкаўскую картку (калі пенсіянеру менш за 75 гадоў і ў яго няма інваліднасці).
— Паўгода я наогул не атрымлівала пенсію, — узгадвае Маргарыта.
Каб вырашыць праблему, яна аформіла новую даверанасць — ужо на адкрыццё банкаўскага рахунку ў Беларусі. Так з дапамогай знаёмай удалося зняць назапашаную суму і перадаць грошы ў Польшчу. Але Маргарыта зразумела: такі спосаб небяспечны і нестабільны. Тады яна і задумалася пра пераказ беларускай пенсіі ў Польшчу.
Спачатку стала польскай пенсіянеркай
У Упраўленні сацыяльнага страхавання (ZUS) падказалі: пераказ беларускай пенсіі прасцей аформіць, калі атрымальніца ўжо ёсць у сістэме ведамства, то-бок атрымлівае польскую пенсію. У Польшчы Маргарыта працавала, за яе ўплачваліся ўзносы сацыяльнага страхавання, таму яна мела права на польскую пенсію, хай і зусім мізэрную праз непрацяглы перыяд працы.
— Я падумала, што невядома, калі яшчэ патраплю ў Беларусь, — тлумачыць яна, як вырашыла стаць польскай пенсіянеркай.
У выніку жанчына падала дакументы — польскую пенсію ёй прызначылі ўсяго ў 65 злотых. Затое пасля гэтага ZUS змог зрабіць запыт у Беларусь.
Перапіску з беларускім Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСЗН) вёў польскі бок — аддзел у Лодзі (I Oddział w Łodzi), які адказвае за рэалізацыю міжнародных пагадненняў па пенсіях. Маргарыце не давялося ехаць у Беларусь.
Ключавой праблемай стала рэгістрацыя
Для афармлення пераказу пенсіі ZUS запытаў у Маргарыты некалькі дакументаў:
- копію пашпарта;
- даведку аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ў Польшчы;
- дакумент аб прызначэнні пенсіі ў Беларусі або нумар пенсійнай справы;
- рэквізіты банкаўскага рахунку з IBAN і SWIFT-кодам банка.
Найбольш нечаканай перашкодай аказалася рэгістрацыя па месцы жыхарства. У Маргарыты яна была часовай, таму беларускі бок не пацвердзіў пераказ пенсіі — спатрэбілася пастаянная рэгістрацыя (stały meldunek).
— З ZUS нават званілі гаспадыні кватэры [якую я здымаю], і яна дала згоду. Так зрабілі пастаянны мельдунек (рэгістрацыю. — Заўв.), — распавядае Маргарыта.
Толькі пасля гэтага працэс зрушыўся з мёртвай кропкі. І вясной 2025 года жанчына ўпершыню атрымала беларускую пенсію на польскі рахунак. Усяго працэс заняў год.
Як цяпер прыходзяць грошы
Цяпер Маргарыта атрымлівае беларускую пенсію на польскі банкаўскі рахунак у еўра. Такі рахунак яна адкрыла па парадзе знаёмых — каб менш губляць на канверсіі.
— Прыходзіць каля 180 еўра, з іх прыблізна 30 еўра забіраюць за пераказ, — кажа яна.
Памер пенсіі Маргарыты не змяніўся, дадатковых страт на канверсіі практычна няма, а выплаты прыходзяць прыкладна ў тыя ж тэрміны, што і ў Беларусі.
Выплацілі 13-ю пенсію, а «мінімалкі» ўсё няма
У Польшчы ўсе пенсіянеры маюць права на дзве дадатковыя выплаты ў фіксаваным памеры на працягу года — гэта так званыя 13-я і 14-я пенсіі. Каля 1,5 тыс. злотых нетта. Маргарыта таксама атрымала такую выплату.
Акрамя таго, паколькі паміж Беларуссю і Польшчай заключана адпаведнае пагадненне, краіны мусяць узаемна прызнаваць стаж, назапашаны ў іншай краіне. Калі ў жанчын сумарна (у Беларусі і Польшчы) назбіраецца 20 гадоў стажу, а ў мужчын — 25 гадоў, яны маюць права атрымліваць даплату да мінімальнай польскай пенсіі. Гэта павінна выглядаць наступным чынам: ФСЗН пацвярджае стаж і памер пенсіі, прызначанай у Беларусі. ZUS дадае да гэтага пенсію, налічаную ў Польшчы. І калі атрыманы памер аказваецца меншы за мінімальную пенсію, устаноўленую ў Польшчы, то розніца, якой не хапае да «мінімалкі», даплачваецца.
Маргарыта пакуль такой даплаты не атрымлівае.
— Перапіска з Беларуссю яшчэ ідзе, яны яшчэ не даслалі пацверджання майго стажу, — кажа яна.
«Я б адразу пераводзіла пенсію»
Прайшоўшы ўвесь шлях, Маргарыта раіць не адкладаць афармленне пераказу.
— Я б адразу пераводзіла пенсію, — кажа яна.
Тым, хто толькі збіраецца пераязджаць, пенсіянерка раіць загадзя аформіць у Беларусі даверанасці, а пасля пераезду не разлічваць на перадачу грошай праз знаёмых, а адразу ўладкоўвацца на працу і потым пачынаць афармленне польскай пенсіі. Калі ў адным аддзяленні ZUS не могуць дапамагчы, звяртацца ў іншыя — дзесьці чыноўнікі абавязкова падкажуць, як правільна паступіць.