«Гэта перамога важная і для Беларусі»
- 14.04.2026, 14:03
Тандэму Орбана і Фіца прыйшоў канец.
Як перамога ў Венгрыі апазіцыйнага палітыка Пэтэра Мадзяра зменіць наш рэгіён?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO, Браціслава) Грыгорыем Месежнікавым:
— Вынікі выбараў у Венгрыі паўплываюць на многае: і на наш рэгіён, і на адносіны паміж асобнымі дзяржавамі, і на адносіны Венгрыі з Еўрасаюзам. Думаю, што зменіцца стаўленне Венгрыі да расійскай агрэсіі супраць Украіны. Хоць, магчыма, гэта будзе не так хутка і выразна, але змены адбудуцца. Перш за ўсё, будуць аслаблены пазіцыі аўтарытарных сіл у нашым рэгіёне, у тым ліку тых, што знаходзяцца пры ўладзе.
Для Беларусі гэта таксама важна, бо Віктар Орбан імкнуўся да аднаўлення адносін з беларускім дыктатарам. Міністр замежных спраў і гандлю Венгрыі Пэтэр Сіярта часта з'яўляўся у Мінску.
Падкрэслю, што вельмі важна, што ў Венгрыі дэмакратычныя сілы ўсё ж змаглі свае пазіцыі скансалідаваць і ў выніку нанеслі паразу аўтарытарным сілам. Заявы Мадзяра ўжо даюць падставы меркаваць, што адносіны Венгрыі з Еўрасаюзам палепшацца. Венгрыя перастане блакаваць дапамогу Украіне, будзе імкнуцца прытрымлівацца агульнаеўрапейскай лініі па многіх іншых пытаннях.
Варта адзначыць, што ўсё ж спатрэбіцца пэўны час, каб сапраўды правесці сапраўдныя змены, пераканаць венгерскае насельніцтва ў тым, што палітыка Орбана была шкоднай для самой Венгрыі. Магчыма, гэта не адбудзецца так хутка, Венгрыя не будзе лакаматывам, якім была Славакія ў часы Эдуарда Гегера. Венгрыя будзе ў межах еўрапейскага мэйнстрыму, не будзе ствараць праблем. Гэта таксама вельмі важна, у тым ліку для Беларусі, бо Віктар Орбан па расійскай лініі падтрымліваў Лукашэнку.
Што да рэгіёна Цэнтральнай Еўропы, то ўся гэтая канфігурацыя, якая была ў Вышэградскай групе, насамрэч паралізавала яе. Бо Вышэградская група мае асаблівае значэнне, калі пазіцыі ўсіх дзяржаў супадаюць з агульнаеўрапейскімі пазіцыямі.
Віктар Орбан і прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо разбівалі гэтае супрацоўніцтва. Мадзяр заяўляе, што ён хацеў бы рэанімаваць Вышэградскую групу, але ўжо на прынцыпах агульных інтарэсаў, што не супярэчаць інтарэсам Еўрасаюза і еўрапейскай палітыцы.
— Як будзе дзейнічаць пасля паразы свайго сябра Орбана славацкі прэм'ер Роберт Фіцо?
— У апошнія некалькі гадоў (пасля 2023-га), калі Фіцо вярнуўся да ўлады, існаваў такі славацка-венгерскі тандэм па аслабленні агульнаеўрапейскіх пазіцый у дачыненні да ключавых пытанняў еўрапейскай палітыкі. У тым ліку — і адносна Расіі, і адносна Украіны, энергетычнай палітыкі. Дарэчы, у адносінах ЕС і ЗША таксама, бо Орбан быў вялікім энтузіястам узмацнення партнёрства з Дональдам Трампам. Менш — з Амерыкай як такой, а менавіта з Дональдам Трампам, і Фіцо да гэтага таксама далучыўся.
Цяпер гэтаму тандэму прыйшоў канец, хоць Роберт Фіцо заяўляў, што нават калі Орбан прайграе выбары, то ён прыме ад яго эстафету. Але насамрэч гэта, вядома, недальнабачная пазіцыя, наўрад ці гэта магчыма, бо Славакія сама не здольная заблакаваць агульнаеўрапейскія рашэнні.
Лічу, што калі сапраўды Фіцо будзе выконваць гэта сваё абяцанне, то ЕС вельмі хутка знойдзе рычагі, каб пераадолець яго супрацьдзеянне. Таму пазітыўны ўплыў, вядома, будзе мець месца.
Што да Славакіі, то спецыфічнае пытанне — якім чынам будуць развівацца славацка-венгерскія адносіны, бо апошнім часам яны развіваліся на аснове асабістага супрацоўніцтва, сяброўства Орбана і Фіца. Дарэчы, Фіцо — нацыяналістычны палітык, які заўсёды карыстаўся так званай антывенгерскай картай ва ўнутранай палітыцы. Яна заключаецца ў тым, што ў нас прыкладна 10% насельніцтва — гэта этнічныя венгры, і, вядома, іх галасы на выбарах надзвычай важныя.
Частка Славакіі, на жаль, схільная да антывенгерскіх настрояў, таму на хвалі нацыяналізму лёгка можна атрымліваць дадатковыя палітычныя балы. Дык вось, думаю, што цяпер Фіцо, як толькі Орбан сыдзе ў апазіцыю, пачне гуляць гэтай антывенгерскай картай ва ўнутранай палітыцы.
— Ці могуць змены ў Венгрыі даць імпульс да змены ўлады ў Славакіі на выбарах у наступным годзе?
— У нас выбары будуць у кастрычніку 2027 года. Але ў выніку лічу, што параза Орбана паўплывае на агульныя настроі ў Славакіі ў тым сэнсе, што праціўнікі Фіца, якія падтрымліваюць апазіцыйныя партыі, узмоцняцца. Ва ўсіх апытаннях у іх цяпер большасць.
Тое, што адбываецца ў Венгрыі, узмоцніць менавіта ўспрыманне, што і ў нашай краіне мы таксама можам перамагчы аўтарытарныя сілы. Калі ўжо венгры здолелі пасля 16 гадоў кансалідаванай аўтарытарнай палітыкі нанесці паразу гэтым сілам, дык у Славакіі, як кажуць, сам Бог загадаў. Але гэта я крыху перабольшваю. У нас крыху іншая сітуацыя.
У Венгрыі была адзіная апазіцыйная, дэмакратычная партыя, а ў нас іх некалькі. Але ў нас і багацейшы досвед фармавання кааліцый дэмакратычных партый, таму, думаю, мы гэтым скарыстаемся. Што да барацьбы за свабоду, дэмакратыю, еўрапейскі выбар, падтрымку Украіны і крытыку Расіі, дык у гэтым усе апазіцыйныя партыі Славакіі сыходзяцца.
У іх ёсць ідэйныя адрозненні, але галоўнае цяпер — гэта захаванне свабоды, дэмакратыі і еўрапейскага выбару. Лічу, што для іх, вядома, гэта будзе вялікай палітычнай падмогай, што Венгрыі ўдалося. Дарэчы, у Венгрыі цяпер будуць прымаць законы, якія дазволяць ім хутчэй пераадолець спадчыну Віктара Орбана.