Вучоныя: Цытрусавыя абараняюць мазг
- 14.04.2026, 14:33
У іх утрымліваюцца важныя злучэнні.
Злучэнні з цытрусавых пладоў могуць абараняць мазг пры ішэмічным інсульце, дзейнічаючы адразу на некалькі механізмаў пашкоджання. Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі з Цзянсускага ўніверсітэта навукі і тэхнікі. Праца апублікаваная у Journal of Agricultural and Food Chemistry (JAFC).
Ідзе гаворка пра флаваноны — прыродныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў апельсінах, мандарынах і іншых цытрусавых. Вучоныя прааналізавалі даныя раней апублікаваных даследаванняў і высветлілі, што гэтыя злучэнні могуць комплексна абараняць мазг пры парушэнні кровазабеспячэння.
Вынікі паказалі, што флаваноны зніжаюць запаленне і аксідацыйны стрэс — два ключавыя працэсы, якія прыводзяць да гібелі нервовых клетак пры інсульце. Пры аксідацыйным (аксідыўным) стрэсе ў арганізме павялічваецца колькасць «шкодных» малекул (свабодных радыкалаў), якія пашкоджваюць клеткі, бялкі, ліпіды і нават ДНК. Гэта стварае ўмовы для развіцця і прагрэсавання розных захворванняў.
Таксама вучоныя высветлілі, што флаваноны падтрымліваюць працу мітахондрый — «энергетычных станцый» клеткі — і дапамагаюць захаваць гематаэнцэфалічны бар'ер, які абараняе мазг ад таксінаў.
Акрамя таго, гэтыя рэчывы здольныя ўплываць на механізмы гібелі клетак і запускаць працэсы іх аднаўлення, уключаючы аўтафагію — сістэму «самаачысткі» клетак. Асобныя даныя таксама паказваюць, што флаваноны могуць паляпшаць кровазабеспячэнне мазгу, стымулюючы ўтварэнне новых сасудаў.
Паводле слоў аўтараў, эфект можа быць як прамым — за кошт пранікнення рэчываў у мазг, так і ўскосным — праз уплыў на кішачную мікрафлору. У перспектыве такія злучэнні могуць выкарыстоўвацца ў складзе функцыянальнага харчавання або стаць асновай для новых метадаў прафілактыкі і аднаўлення пасля інсульту.