Прэм'ер-міністр Італіі назвала найбольш эфектыўную «зброю» дзеля міру ва Украіне
- 14.04.2026, 17:06
Санкцыі даказалі сваю эфектыўнасць.
Эканамічны ціск на Расію застаецца найбольш дзейсным інструментам для дасягнення міру ва Украіне. Пра гэта заявіла прэм'ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні, перадае Reuters.
Каментуючы магчымае змякчэнне абмежаванняў на імпарт расійскага газу, Мелоні падкрэсліла, што санкцыйны ціск ужо даказаў сваю эфектыўнасць і патрабуе асцярожнага падыходу ў далейшым.
«Эканамічны ціск, які мы аказвалі на Расію ў апошнія гады, з'яўляецца самым эфектыўным інструментам для дасягнення міру, таму мы павінны вельмі ўзважана падыходзіць да далейшых рашэнняў», — адзначыла яна.
Таксама кіраўніца ўрада выказала надзею, што прасоўванне да мірнага ўрэгулявання паміж Украінай і Расіяй адбудзецца да ўвядзення поўнай забароны на імпарт расійскага газу.
Заява прагучала на фоне дыскусій у энергетычным сектары. У прыватнасці, кіраўнік кампаніі Eni Клаўдыё Дэскальцы раней адзначаў, што пакуль неясна, чым можна замяніць каля 20 млрд кубаметраў расійскага звадкаванага газу.