ЗША аднавілі санкцыі супраць нафты з Расіі
- 14.04.2026, 20:45
Часовую ліцэнзію не падоўжылі.
Санкцыі ЗША супраць расійскай нафты зноў пачалі дзейнічаць — пасля таго як адміністрацыя Дональда Трампа мінулымі выходнымі не падоўжыла адтэрміноўку, уведзеную з-за амерыканскай вайны супраць Ірана.
Пра гэта 14 красавіка паведамляе выданне Politico.
Пры гэтым у Міністэрстве фінансаў ЗША не адказалі на запыт выдання наконт сканчэння дзеяння выключэння з санкцый, але спаслаліся на сакавіцкую заяву міністра фінансаў Скота Бэсента, які назваў гэты крок «кароткатэрміновай мерай».
Паводле даных крыніц Politico, да 11 красавіка не было ясна, ці будзе дазвол на адмову ад санкцый ануляваны ведамствам.
«Сябар Камітэта Сената па міжнародных адносінах Джын Шахін, лідар меншасці ў Сенаце Чак Шумер і сябар Камітэта Сената па банкаўскіх пытаннях Элізабэт Уорэн 10 красавіка аказалі ціск на адміністрацыю Трампа, каб яна не падаўжвала агульную ліцэнзію Міністэрства фінансаў, заявіўшы, што яна дазволіла Расіі і яе памагатым зарабіць больш за $4 млрд», — піша выданне.
Аднак памочнік аднаго з сенатараў-дэмакратаў заявіў Politico, што заканчэнне тэрміну дзеяння выключэння з санкцый «наўрад ці з’яўляецца падставай для радасці».
«Цяпер гэтая ліцэнзія яшчэ мацней стымулюе ўсіх расійскіх пасярэднікаў загружаць нафту, якая падпадае пад санкцыі, у чаканні чарговай „нячаканай выгады“ ад ліцэнзіі або таму, што адміністрацыя Трампа дала зразумець, што гатовая хутка заплюшчыць вочы на расійскую нафту, каб змякчыць наступствы сваёй палітыкі ў дачыненні да Ірана», — сказаў ён.
Пры гэтым, як заявіў Politico ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па санкцыях Уладзімір Уласюк, афіцыйны Кіеў падтрымлівае рашэнне ЗША не падаўжаць дзеянне адтэрміноўкі ад санкцый у дачыненні да Расіі.
«Скарачэнне даходаў Расіі ад нафты і газу з’яўляецца ключавым інструментам у прасоўванні мірных намаганняў», — сказаў ён.