Міністр абароны Польшчы заявіў аб поўным перакрыцці мяжы з Беларуссю
- 14.04.2026, 22:33
Бяспеку мяжы забяспечваюць пяць тысяч польскіх вайскоўцаў, а таксама памежнікі і паліцыя.
Польская мяжа з Беларуссю «цалкам перакрытая». Пра гэта на прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння ўрада заявіў міністр абароны і віцэ-прэм’ер Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, паведамляе RMF24.
«Эфектыўнасць затрыманняў і прадухілення перасячэння польска-беларускай мяжы дасягнула 100%. Яшчэ нядаўна мы казалі пра эфектыўнасць больш за 90%. Сёння галоўнакамандуючы памежнай службай праінфармаваў камітэт пра тое, што 100% тых, хто спрабуе перасекчы мяжу, затрымліваюцца. <�…> Мы перакрылі дзяржаўную мяжу», — сказаў ён.
Паводле міністра, на мяжы з Польшчай «належным чынам» функцыянуе фізічная загарадзь, сістэмы аптаэлектроннага назірання і хуткага рэагавання. Касіняк-Камыш распавёў, што бяспеку забяспечваюць пяць тысяч вайскоўцаў, а таксама памежнікі і паліцыя.
Ён паведаміў, што колькасць спробаў перасячэння польска-беларускай мяжы скарацілася больш як на 90%. Так, калі з 1 студзеня па 14 красавіка 2025 года было зафіксавана каля пяці тысяч спробаў, то ў 2026 годзе — крыху больш як 100 спробаў.