МВФ і Сусветны банк пагаршаюць прагнозы для Беларусі
- 15.04.2026, 10:19
Эканоміка запавольваецца — санкцыі і залежнасць ад РФ б'юць па росце.
Міжнародны валютны фонд (МВФ) у красавіцкім выпуску «Перспектывы сусветнай эканомікі» (World Economic Outlook) знізіў прагноз росту беларускага ВУП на 2026 год, піша «Белсат».
Паводле ацэнкі МВФ, беларуская эканоміка ў гэтым годзе вырасце на 1,2%, што на 0,2 працэнтнага пункта менш, чым у кастрычніцкім прагнозе. Інфляцыя складзе 6,4%, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый – 2,7% ВУП, узровень беспрацоўя – 2,9%.
У 2027 годзе МВФ прагназуе рост беларускага ВУП на ўзроўні 1%, інфляцыю – 6,2%, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый – 3,4% ВУП, беспрацоўе – 2,9%.
Нагадаем, у канцы мінулага года дыктатар Лукашэнка зацвердзіў афіцыйны прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 год. Ён прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 2,8% і інфляцыю не вышэй за 7%. Мяркавалася, што рост будзе забяспечаны за кошт павелічэння інвестыцый, экспарту і даходаў насельніцтва.
Пры гэтым міжнародныя арганізацыі даюць больш стрыманыя ацэнкі. Так, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў лютым пагоршыў прагноз росту беларускай эканомікі на 2026 год да 1,3% замест раней чаканых 2,3%, указаўшы на ўплыў санкцый і залежнасць ад эканомікі Расіі.
Сусветны банк у красавіцкім аглядзе таксама панізіў чаканні: паводле яго ацэнкі, ВУП Беларусі вырасце на 1,1% у 2026 годзе і на 0,8% у 2027 годзе. Раней банк чакаў рост на ўзроўні 1,3% у 2026 годзе.