У Малдове асудзілі экс-намесніка кіраўніка спецслужбаў, завербаванага беларускім КДБ
- 15.04.2026, 17:22
Яго прызналі вінаватым у разгалашэнні дзяржаўнай таямніцы.
Суд у Кішынёве завочна прыгаварыў былога намесніка дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі (СІБ) Аляксандра Балана да паўтара года пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у разгалашэнні дзяржаўнай таямніцы, паведамляе IPN са спасылкай на пракурора Думітру Штэфырцэ.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, Балан удзельнічаў у ім па відэасувязі. Ён прызнаў віну і папрасіў разгледзець яго справу ў спрошчаным парадку.
Чэшская спецслужба BIS лічыць яго ўдзельнікам беларускай разведвальнай сеткі, створанай КДБ Беларусі.
Выданне The Insider пісала, што Аляксандр Балан падчас працы на сваёй пасадзе (2016–2019) у межах супрацоўніцтва са спецслужбамі Украіны быў афіцэрам сувязі пры Генштабе Узброеных Сіл Украіны. Яго адклікалі з Украіны за нездавальняючую працу, але ён адмовіўся вяртацца ў Малдову.
У цяперашні час Аляксандр Балан знаходзіцца пад хатнім арыштам у Румыніі, дзе яго судзяць па справе аб разгалашэнні дзяржаўнай таямніцы. Яго затрымалі ў верасні 2025 года ў Цімішоары па абвінавачанні ў перадачы падобных звестак супрацоўнікам КДБ Беларусі.
Паводле даных румынскіх СМІ, з 2024 па 2025 год ён двойчы сустракаўся з супрацоўнікамі беларускай разведкі ў Будапешце.