BE RU EN

Малдова пачала зваротны адлік выхаду з СНД

Стала вядома, калі гэта адбудзецца.

Рэспубліка Малдова афіцыйна выйдзе са складу так званага СНД, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, у пачатку красавіка 2027 года. Гэта адбудзецца 8 красавіка, па заканчэнні ўстаноўленага законам 12-месячнага тэрміну з моманту афіцыйнага паведамлення пра выхад з арганізацыі.

Пра гэта распавёў міністр замежных спраў Малдовы Міхай Папшой. Ён удакладніў, што ўлады ягонай краіны працэдуру юрыдычнага выхаду з СНД «ужо пачалі», а афіцыйнае паведамленне пра гэта ў сакратарыят арганізацыі накіравалі менавіта 8 красавіка.

Што сказаў кіраўнік МЗС Малдовы

«Пасля абнародавання дэнансацыі адпаведных пагадненняў і іх публікацыі ў «Афіцыйным весніку» Малдовы 8 красавіка сакратарыят СНД у Мінску быў апавешчаны, і мы атрымалі ад іх пацвярджэнне атрымання нашага паведамлення», — адзначыў, у прыватнасці, Папшой.

Ён адзначыў, што фармальна і ў адпаведнасці з міжнародным правам Малдова перастане быць дзяржавай-членам СНД толькі па заканчэнні аднаго года з моманту адпаведнага паведамлення.

«8 красавіка наступнага года, з юрыдычнага, фармальнага пункту гледжання, мы ўжо не будзем часткай СНД», — патлумачыў кіраўнік МЗС рэспублікі.

Адносіны з СНД

У той жа час кіраўнік малдаўскай дыпламатыі адзначыў, што на практыцы адносіны ягонай краіны з СНД адсутнічаюць ужо некалькі гадоў.

«З практычнага пункту гледжання мы ўжо даволі даўно, шмат гадоў не ўдзельнічалі ў палітычных мерапрыемствах або іншых сустрэчах, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Малдова», — сказаў Міхай Папшой.

Апошнія навіны