Польскі суд стаў на бок сям'і беларускіх палітвязняў
- 16.04.2026, 15:43
Іх хацелі выслаць у Германію.
Сям'я беларускіх экс-палітвязняў не будзе выслана з Польшчы ў межах Дублінскай працэдуры. 16 красавіка Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве скасаваў рашэнне аб перадачы Андрэя і Веры Мамойка у Германію, паведамляе ініцыятыва «Партызанка».
Гэта азначае, што Польшча бярэ на сябе адказнасць за разгляд іх справы аб прадастаўленні міжнароднай абароны. Абскарджваннем займалася Ганна Мацееўская.
На пасяджэнні прысутнічала кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, еўрадэпутатка ад партыі «Права і справядлівасць» Малгожата Госеўска, якая актыўна абараняе беларусаў, што апынуліся ў складанай сітуацыі.