BE RU EN

Беларускі шахматыст Лазавік зноў на вяршыні

  • 16.04.2026, 20:18

Беларус выйграў чарговы турнір.

У чацвер, 16 красавіка, у Югорскай шахматнай акадэміі завяршыўся XXIII Міжнародны турнір імя Анатоля Карпава.

У канкурэнтнай барацьбе перамогу здабыў беларус Дзяніс Лазавік. Падрабязнасцямі трыумфу нашага суайчынніка дзеліцца «Спорт-Экспрэс».

Спаборніцтва сабрала наймацнейшы склад удзельнікаў. У Ханты-Мансійск прыехалі гросмайстры Лу Шанлэй (Кітай), Раунак Садхвані (Індыя), Шамсіддін Вахідаў (Узбекістан), Арам Акопян (Арменія), Беньямін Гледура (Венгрыя) і Дзяніс Лазавік (Беларусь).

Турнір праходзіў у фармаце «хуткая класіка», які не так даўно афіцыйна ўхваліла FIDE, і ўвайшоў у серыю FIDE Circuit – цыкл чэмпіянату свету. Агульны прызавы фонд спаборніцтва склаў без малага 12 млн ₽ (прыблізна $160 тыс.).

Асноўная барацьба за першае месца разгарылася паміж Дзянісам Лазавікам і Беньямінам Гледурай. Перад апошнім турам беларус апярэджваў венгра на паўачка, для першага месца яму было дастаткова нічыі.

У выніку ў заключнай партыі Лазавік чорнымі хутка разышоўся мірам з Іллём Ільюшэнкам: супернікі зафіксавалі нічыю трохразовым паўторам пазіцыі на 11-м хадзе. Набраўшы шэсць ачкоў з дзевяці, беларускі гросмайстар Дзяніс Лазавік стаў пераможцам турніру.

Па заканчэнні партыі беларус адзначыў, што турнір для яго складаўся даволі лёгка.

«На другі дзень я выйграў дзве партыі – для кругавіка гэта нядрэнна. Я прывык гуляць у опенах, там можна стартануць «4 з 4». І ўсё роўна для перамогі трэба яшчэ шмат партый выйграць. А тут пасля дзвюх перамог можна гуляць больш надзейна. Тым больш, што ў сустрэчах, якія я іграў чорнымі з Раунаком Садхвані і Іллём Ільюшэнкам, мяне не асабліва спрабавалі перайграць, таму фактычна ў мяне заставаліся белыя партыі», – сказаў ён.

Другое месца па выніках турніру заняў Беньямін Гледура (5,5 ачка), трэцяе – Арам Акопян (5 ачкоў).

Апошнія навіны