У Чэхіі турысты гулялі па гарах і знайшлі скрыню з золатам
- 16.04.2026, 21:41
Скарб ацанілі амаль у паўмільёна еўра.
У Чэхіі двое турыстаў атрымаюць рэкордную ўзнагароду за знаходку залатога скарбу каля гары Звічына на поўначы краіны. Скарб яны знайшлі ў лютым 2025 года на схіле гары і перадалі ў музей. Эксперты пацвердзілі, што ўсе прадметы зробленыя з сапраўднага золата, піша выданне idnes.cz.
Знаходка аказалася вельмі каштоўнай: у яе ўваходзяць 598 манет, а таксама больш за 30 іншых прадметаў — табакерак, упрыгожанняў і розных рэчаў XIX—XX стагоддзяў.
Адметнасць гэтай сітуацыі ў тым, што ўзнагарода для тых, хто знайшоў скарб, у гэтым выпадку вылічвалася не як звычайна (каля дзясятай часткі кошту), а ў поўным аб'ёме, бо гаворка ідзе пра золата. У выніку агульная сума ўзнагароды складзе каля 11,7 мільёна чэшскіх крон (каля 470 тысяч еўра), што з'яўляецца рэкордам для краіны.
Кошт скарбу вызначылі паводле яго вагі — больш за 5 кілаграмаў — і цаны золата на момант знаходкі.
Зараз скарб захоўваецца ў музеі, частку прадметаў яшчэ аднаўляюць. Пасля гэтага яго плануюць паказаць публіцы на выставе.
Гэта адзін з найбуйнейшых падобных скарбаў не толькі ў Чэхіі, але і ў Цэнтральнай Еўропе. Папярэднія ўзнагароды за падобныя знаходкі былі істотна меншымі.
Даследчыкі пакуль не ведаюць, хто і чаму схаваў гэты скарб. Мяркуецца, што гэта магло адбыцца пасля 1921 года. Сярод версій — што яго мог схаваць чалавек, які ратаваўся ад нацыстаў, або той, каго пасля вайны выселілі. Але дакладнага адказу пакуль няма.