BE RU EN

У Польшчы прабурылі найдаўжэйшы чыгуначны тунэль

  • 17.04.2026, 6:07

Відэа.

У Польшчы завяршылі бурэнне найдаўжэйшага на сёння чыгуначнага тунэля. Яго ўзводзяць у межах найбуйнейшага інфраструктурнага праекта Podłęże-Piekiełko («Подленже-Пекелко»), паведамілі ў кампаніі PKP Polskie Linie Kolejowe.

Калі будаўніцтва завершыцца, час у дарозе з Кракава ў Новы Сонч скароціцца амаль утрая — прыблізна да гадзіны. Новая інфраструктура дазволіць пасажырскім цягнікам развіваць хуткасць да 160 км/г.

Даўжыня тунэля складае 3,75 км. Падчас работ машына вагой каля 2500 тон і дыяметрам амаль 11 м адначасова праразала пароду і ўкладвала бетонныя канструкцыі.

У рэкордны дзень тэмпы праходкі дасягалі 46 м у суткі, што з’яўляецца адным з найлепшых паказчыкаў для падобных праектаў у Еўропе, кажуць у польскай кампаніі.

Праект «Подленже-Пекелко» прадугледжвае будаўніцтва ўсяго 20 тунэляў (16 чыгуначных і чатырох эвакуацыйных) агульнай працягласцю больш за 31 км.

Пасля завяршэння бурэння працы працягнуцца: будуць укладваць шляхі, абсталёўваць кантактную сетку, сістэмы кіравання рухам і бяспекі, а таксама злучэнне асноўнага тунэля з эвакуацыйным.

Праект коштам каля 17 млрд злотых (прыкладна 3,8 млрд еўра) фінансуецца, між іншым, пры падтрымцы Еўрасаюза. Ён павінен істотна змяніць транспартныя зносіны на поўдні Малапольскага ваяводства (сталіца — Кракаў).

Апошнія навіны