BE RU EN

Крах крылатых ракет

  • Сяргей Місюра
  • 17.04.2026, 11:39

Расія пацярпела правал.

Аналіз камбінаванага абстрэлу Украіны 15 красавіка. Зноў унікальны.

Маем справу з чарговым «зломам шаблону» ад праціўніка. У апошніх абстрэлах ён пастаянна нешта змяняе (сродкі, час, працягласць), але настолькі кардынальна — можна параўнаць з пачаткам выкарыстання ПКР «Цыркон» з Крыма. Калі раней мы прывыклі да класічнай схемы «ўзлёт уначы — пускі на світанку», то ўчорашняя атака стала прыкладам расцягвання ўдару ў часе больш як на 24 гадзіны і ўпершыню — запуску ракет удзень. Каб яны прыляцелі ўвечары.

Вы адразу можаце ўспомніць дзённы абстрэл Кіева крылатымі ракетамі, калі трапілі ў «Охматдет», але гэта было дакладна да абеду. Бо ўжо ў абед сотні людзей разбіралі завалы, сам бачыў. А гэта — упершыню ўзляцелі Ту-95МС каля 14:00, каб КР прыляцелі да нас ужо ўвечары. То-бок перанеслі прылёт ракет па мэтах з ранішніх сутонкаў — на вячэрнія.

З чым гэта звязана? Ды фактараў можа быць шмат. Ад спецыяльнага пакрыцця камер ракет Х-101 германіем, што дазваляе як мага лепш бачыць паверхню пад сабой падчас палёту, да хрэстаматыйнай інфармацыі, што ў сутонках людзі і цеплавізары горш за ўсё бачаць паветраныя мэты. З-за цеплавога пераходу. Але наша авіяцыя паказвае, што для бартавых РЛС самалётаў гэта ўжо не складаныя мэты хоць раніцай, хоць увечары. Вынік, як казаў класік, на табло — 19 з 20 крылатых ракет былі збітыя прыблізна за гадзіну камбінаванай атакі.

Калі я ўчора ўвечары пісаў пра трапленне дронамі па далёкім заводзе СНХЗ — казаў, што рана пісаць аналіз атакі, яшчэ ноч наперадзе. І певуны не прымусілі чакаць. Яны запусцілі аж 19 балістычных ракет у дзве хвалі, наўмысна, нават дублюючы па мэтах, каб: а) трапіць паўторна, калі ракеты былі збітыя; і б) каб забіць тых, хто ўжо прыбыў на месцы падзення ракет/абломкаў. З-за гэтага ёсць страты сярод сацыяльных службаў, паліцыянтаў і ГСЧС. Максімальна падлая і чыста расійская тактыка супраць насельніцтва.

Працэнт збіцця ў гэтым выпадку атрымаўся даволі нізкім. 8 з 19 балістычных ракет. Чаго яны і хацелі. Суткі «качалі» сілы СПА, 659 БПЛА рознага тыпу — для смецця і знясілення ракетнага рэзерву PAC-3 для «Пэтрыётаў». Плюс, калі вы бачыце паведамленне «хуткасная мэта на Крапіўніцкі» — то гэта з вельмі вялікай верагоднасцю ўдар па аэрадроме Канатова, дзе базуецца аператыўны аэрадром нашай авіяцыі.

Гэта зноў унікальны абстрэл, таму што ўпершыню час удару ракетамі перанесены на вячэрнія сутонкі. Новая тактыка. І, здаецца, украінская выніковасць ім не спадабалася. Наступная атака вернецца да начных пускаў.

Расцягванне па часе. Калі палічыць час як: узлёт першых «шахедаў», узлёт стратэгічнай авіяцыі, начная балістыка і апошнія «шахеды» раніцай, — то гэта больш за 24 гадзіны адна атака. Максімальнае знясіленне разлікаў, людзей і тэхнікі.

Балістычная атака ў дзве хвалі. Максімальна хуткія мэты, калі ўначы кiеўцы нават не паспелі спусціцца ў сховішча. Ад запуску да прылёту «Іскандэра» — 5 хвілін. Гэта тэрор і знясіленне запасаў ракет PAC-3 для «Пэтрыётаў».

Судзячы па тым, што па Белай Царкве білі па складскіх памяшканнях каля ЦЭЦ — магчыма, усё яшчэ цэляцца ў украінскую энергетыку, хаця ўжо мусілі б перайсці на летнія мэты (вада, ачысныя збудаванні, масты, газ). А магчыма, шукалі нешта на складах.

Сяргей Місюра, «Фэйсбук»

Апошнія навіны