BE RU EN

Польшча ўпершыню ўзяла ўдзел у сустрэчы міністраў фінансаў G20

  • 17.04.2026, 11:47

Краіну на перамовах у Вашынгтоне прадстаўляў міністр Анджэй Даманьскі.

Польшча ўпершыню ўзяла ўдзел у сустрэчы на ўзроўні міністраў фінансаў краін G20 у статусе паўнапраўнага ўдзельніка. Польшчу на перамовах у Вашынгтоне 16 красавіка прадстаўляў міністр Анджэй Даманьскі. У каментары для Польскага радыё ён падкрэсліў значную пазіцыю Польшчы ў кантэксце эканамічнага развіцця.

«Наша пазіцыя з’яўляецца вынікам сілы польскай эканомікі, і тут, у Вашынгтоне, нас практычна ўсе ўспрымаюць як узорны прыклад паспяховай эканамічнай трансфармацыі. Пра гэта варта памятаць. Варта памятаць і пра тое, што ў перыяд з 1989 па 2025 год Польшча была другой па тэмпах росту дзяржавай у свеце. Хутчэй у гэты перыяд развіваўся толькі Кітай», — сказаў кіраўнік польскага Мінфіна.

Польшча выдатна спраўляецца, таму і атрымала запрашэнне ў G20, — так прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абгрунтаваў рашэнне запрасіць Польшчу на сустрэчу міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў G20.

«Польшча — цудоўная краіна, яна нам вельмі даспадобы, у нас сяброўскія адносіны, прэзідэнт Польшчы выдатна спраўляецца. Таму мы яе запрасілі», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Сустрэча міністраў фінансаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў G20 у Вашынгтоне прайшла ў межах вясновых пасяджэнняў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.

Нагадаем, G20 — гэта форум, які аб’ядноўвае 20 найбуйнейшых эканомік свету.

Апошнія навіны