Ліса з лісянятамі гуляла ў Гродне
- 17.04.2026, 12:44
Сямейку знялі на відэа.
Падаецца, хутка ў сацсетках Гродна ахрысцяць лісінай сталіцай Беларусі. Чарговае відэа — таму пацверджанне.
Паводле newgrodno.by, днямі ў гаражным масіве абласнога цэнтра па вуліцы Багуцкага мужчына заўважыў цэлую лісіную сям'ю.
Раней рыжыя плутоўкі трапляліся людзям паасобку. Але, відаць, асмялелі.
«Глядзіце, які тут экшн у гаражах. Ліса і цэлая купа лісянят», — падзяліўся ўражаннямі чытач партала.
Ён выказаў здагадку, што мама-ліса вывела сваіх лісянят на шпацыр. Ім перашкодзіла машына. Лісянят святло фар не спалохала, а вось маці яно моцна збянтэжыла.
Мама спрабавала перанесці малых у больш бяспечнае месца і прыкметна мітусілася.
Спецыялісты адзначаюць, што мілавідны знешні выгляд лісаў не адмяняе таго, што гэтыя жывёлы — драпежнікі. Яны таксама нярэдка становяцца пераносчыкамі небяспечных захворванняў, уключна з шаленствам.